Жанчыны ў Афганістане. Ілюстрацыйнае фота Жанчыны ў Афганістане. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Пасад у ААН: выканаць абавязацельствы па правах жанчын

Любая форма насілля ў адносінах да жанчын і дзяўчынак непрымальная, і з ёй неабходна змагацца, - сцвердзіў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер на пасяджэнні, якое прайшло 22 верасня 2025 года ў Нью-Ёрку ў рамках 80-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі прыняў удзел у дэбатах высокага ўзроўню, прысвечаных 30-й гадавіне IV Сусветнай канферэнцыі па становішчы жанчын, у рамках якой была падпісана Пекінская дэкларацыя.

Нягледзячы на значны прагрэс, які быў дасягнуты за мінулыя трыццаць гадоў, шмат праблем у галіне правоў жанчын застаюцца нявырашанымі, - нагадаў дыпламат. Жанчыны часцей жывуць у крайняй беднасці, сутыкаюцца з перашкодамі ў адукацыі і атрымліваюць ніжэйшую аплату працы. Гэта перашкаджае поўнаму забеспячэнню роўнай годнасці жанчын і іх здольнасці рэалізоўваць свой патэнцыял ва ўсіх сферах жыцця.

Глыбокую трывогу Святога Пасада выклікае распаўсюджванне насілля ў адносінах да жанчын і дзяўчынак. Дзе б гэта ні адбывалася – у сям’і, падчас канфліктаў, гуманітарных крызісаў ці гандлю людзьмі – гэта абражае іх годнасць і з'яўляецца абуральнай несправядлівасцю. Новыя тэхналогіі таксама выкарыстоўваюцца для ўзмацнення некаторых форм злоўжыванняў. Гвалт не абмяжоўваецца сэксуальнай эксплуатацыяй і гандлем людзьмі, ён уключае ў сябе таксама практыкі прэнатальнага адбору полу, у выніку якога штогод гінуць мільёны "зніклых дзяўчынак".

Няроўнасць у сферы аховы здароўя па-ранейшаму негатыўна ўплывае на жанчын. Хоць мацярынская смяротнасць і зменшылася пачынаючы з 1990 года, у апошні час прагрэс спыніўся. Неабходна пашырыць доступ да перынатальнай дапамогі, кваліфікаваных акушэрак і медыцынскай інфраструктуры, і адмовіцца ад ілжывых рашэнняў, такіх як аборты. Права на жыццё ляжыць у аснове ўсіх іншых фундаментальных правоў чалавека. Роўнасць жанчын немагчымая без павагі да годнасці кожнага чалавека, “ад ненароджаных дзяцей да пажылых людзей”, - сцвердзіў прадстаўнік Святога Пасада.

Праблемы жанчын, вызначаныя ў Пекінскай дэкларацыі – галеча, адукацыя, насілле, занятасць, доступ да зямлі, капіталу і тэхналогій – па-ранейшаму застаюцца актуальнымі. “Святы Пасад спадзяецца, што замест таго, каб засяроджвацца на спрэчных пытаннях, якія не заўсёды прыносяць карысць жанчынам, дзяржавы выканаюць свае абавязацельствы па забеспячэнні роўнасці жанчын і павагі да іх годнасці, дадзенай Богам”, - заклікаў арцыбіскуп Галахер.

23 верасня 2025, 11:13