Пошук

Сястра Тыцыяна Мерлеці з Львом XIV Сястра Тыцыяна Мерлеці з Львом XIV 

Сястра Мерлеці: практыкаваць сінадальны стыль кожны дзень

Удзел жанчын у кіраўніцтве Касцёлам набывае ўсё большую значнасць, - лічыць сястра Тыцыяна Мерлецы, сакратар Дыкастэрыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця.

Vatican News

Сястра Мерлецы была прызначана на адказную пасаду 22 мая 2025 года. Гэта было першае прызначэнне Льва XIV, якое стала для яе нечаканасцю, крыху спалохала, але таксама і выклікала вялікую надзею на перамены. У інтэрв'ю ватыканскім СМІ яна закранула шэраг тэм, такіх як барацьба са злоўжываннямі і выклікі глабалізаванага свету, сінадальны шлях і Юбілей кансэкраванага жыцця, які будзе адзначацца ў кастрычніку.

Сястра Мерлецы лічыць, што структура, у якой яна працуе, з'яўляецца “абсалютнай навіной у Рымскай курыі”, таму што ключавыя пасады ў ёй займаюць жанчыны. (Прэфектам ведамства служыць сястра Сымона Брамбіла з Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Найсвяцейшай Панны Марыі Суцяшальніцы). Гэта сведчыць пра рост удзелу жанчын у кіраўніцтве Касцёлам, а таксама адкрывае магчымасці рэалізаваць сінадальны стыль не толькі ў прынцыпах, але і ў штодзённай працы з дапамогай супрацоўніцтва, абмена вопытам, арганізацыі працы, павагі і справядлівасці. Евангелле заклікае кожнага выкарыстоўваць дары і таленты, атрыманыя ад Бога. Пол не мае значэння, больш важныя – адданасць, ахвяра, сталасць, а таксама радасць служэння. Прызнанне гэтага з боку Касцёла пацвярджае, што ён на правільным шляху, - адзначыла законніца.

Сястра Мерлеці ўжо 40 гадоў жыве ў духу францішканскага служэння бедным, у цэнтры якога – імкненне лячыць раны Укрыжаванага Хрыста ў бедным і пакутуючым чалавецтве. З 2004 па 2013 год яна была генеральнай настаяцельніцай кангрэгацыі Францішканскіх сясцёр бедных. Як юрыст і дасведчаны кананіст, яна на працягу многіх гадоў займалася тэмай злоўжыванняў у Касцёле. Праблема датычыць не толькі сексуальных злоўжыванняў, але і злоўжыванняў уладай, сумленнем, духоўных і эканамічных злоўжыванняў. Многае ўжо зроблена, і многае яшчэ неабходна зрабіць. Усе інстытуты і таварыствы былі запрошаны прызначыць адказнага за абарону ад злоўжыванняў, а таксама распрацаваць кіруючыя прынцыпы. Галоўным крокам стала ўсведамленне неабходнасці шукаць шляхі пераадолення пакут, пры гэтым у цэнтры ўвагі заўсёды павінны заставацца ахвяры, - падкрэсліла манахіня.

Сярод галоўных выклікаў, якія стаяць перад інстытутамі кансэкраванага жыцця, сястра Мерлецы назвала патрэбу ў надзеі, адкрытасць на змены і доўгатэрміновае бачанне.

У кастрычніку 2025 года адбудзецца Юбілей кансэкраванага жыцця пад дэвізам “Пілігрымы надзеі на шляху міру”. Праграма распачнецца 8–9 кастрычніка з пакаяння, праходжання праз Святую Браму і Святой Імшы, якую ўзначаліць Леў XIV. Увечары 9 кастрычніка на трох рымскіх плошчах адбудуцца тэматычныя сустрэчы, прысвечаныя дапамозе бедным, клопату пра стварэнне і ўсеагульнаму братэрству. Наступныя дні будуць напоўненыя слуханнем, разважаннямі і сведчаннямі, а на 11 кастрычніка запланаваныя майстар-класы па пасярэдніцтву і ўрэгуляванню канфліктаў. Чакаецца ўдзел тысяч кансэкраваных асоб з усяго свету.
 

24 верасня 2025, 11:48