Пошук

Касцёл святога Юзафа ў Пекіне. Ілюстрацыйнае фота Касцёл святога Юзафа ў Пекіне. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Папа працягвае рэарганізацыю структур у Кітаі: прызначаны біскуп

Леў XIV прызначыў біскупа Джозэфа Ма Янь'эня дапаможным біскупам нядаўна створанай дыяцэзіі Чжанцзякоў, працягваючы рэарганізацыю касцельных структур у Кітаі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

12 верасня 2025 года адбылося прызнанне з боку кітайскіх грамадзянскіх улад і прыняцце пасады біскупам Джозэфам Ма Янь'энем, былым біскупам Сіваньцзы, якога Святы Айцец 4 верасня 2025 года прызначыў дапаможным біскупам Чжанцзякоў (правінцыя Хэбэй у КНР).

Як паведамляе Зала Друку Святога Пасада, у гэты ж дзень грамадзянскія ўлады прызналі біскупскую годнасць Аўгустына Цуй Тая, біскупа-эмерыта Сюаньхуа.

"Гэтыя падзеі, плён дыялогу паміж Святым Пасадам і кітайскімі ўладамі, з'яўляюцца важным крокам у супольнасным шляху новай дыяцэзіі", – адзначыў Матэа Бруні ў адмысловай заяве.

Варта нагадаць, што 8 ліпеня 2025 года Папа Леў XIV рэарганізаваў дзве кітайскія дыяцэзіі Сюаньхуа і Сіваньцзы ў новую дыяцэзію Чжанцзякоў, першым біскупам якой стаў Джозэф Ван Чжэнгуй, які атрымаў біскупскае пасвячэнне 10 верасня 2025 года.

Рашэнне аб рэарганізацыі касцельных структур было прынята з мэтай паляпшэння душпастырскай апекі над вернікамі. Абедзве рэарганізаваныя дыяцэзіі былі заснаваны 11 красавіка 1946 года Папам Піем XII. Новая дыяцэзія Чжанцзякоў стала суфраганнай архідыяцэзіі Пекіна з катэдрай у горадзе Чжанцзякоў.

Тэрыторыя новай дыяцэзіі адпавядае межам горада Чжанцзякоў і ахоплівае плошчу 36 357 квадратных кіламетраў з агульным насельніцтвам больш за 4 мільёна чалавек, сярод якіх налічваецца каля 85 тысяч католікаў – ім служаць 89 святароў.

Біскуп Джозэф Ма Янь'энь нарадзіўся 15 студзеня 1960 года ў Баадынгу. Ён стаў святаром 20 кастрычніка 1985 года для Апостальскай прэфектуры Іксянь, дзе выконваў абавязкі генеральнага вікарыя. Біскупскае пасвячэнне атрымаў 20 снежня 2010 года. 30 студзеня 2013 года быў прызначаны біскупам Сіваньцзы, кананічна ўступіўшы на пасаду праз два месяцы.

Усе гэтыя прызначэнні і рэарганізацыя адбываюцца ў рамках Часовага пагаднення паміж Святым Пасадам і Кітайскай Народнай Рэспублікай, падпісанага ў 2018 годзе і неаднаразова працягнутага, якое рэгулюе, сярод іншага, працэс прызначэння і прызнання біскупаў у краіне.
 

12 верасня 2025, 12:09