У Рыме ўпершыню адбудзецца Юбілей юрыстаў
Марыя Валодзіна - Vatican News
Упершыню ў гісторыі Касцёл арганізуе юбілейнае мерапрыемства ў рамках Святога года для работнікаў сістэмы правасуддзя: як свецкага, так і касцёльнага. У ім возьмуць удзел суддзі, адвакаты, пракуроры, юрысты, выкладчыкі, адміністрацыйны персанал і іх сем’і. Чакаецца больш за 15 тысяч чалавек з каля 100 краін свету. Самыя шматлікія дэлегацыі прыбудуць з Італіі, Іспаніі, Партугаліі, Польшчы, Францыі, ЗША, Канады, Бразіліі, Аргенціны, Мексікі, Калумбіі, Чылі, Аўстраліі, Нігерыі, Перу і Філіпін.
Юбілейныя ўрачыстасці пачнуцца ў 10:30 на Плошчы Святога Пятра з прывітання арцыбіскупа Рына Фізікелы, пра-прэфекта Дыкастэрыі па евангелізацыі. З дакладам на тэму “Iustitia Imago Dei: работнік юстыцыі, інструмент надзеі” выступіць біскуп Хуан Ігнасіа Арыета, сакратар Дыкастэрыі па заканадаўчых тэкстах. Для ўваходу на плошчу да пятніцы 19 верасня неабходна атрымаць квіток у інфармацыйным пункце на Via della Conciliazione 7. Сінхронны пераклад будзе даступны праз мабільны дадатак “Vatican Vox”.
Потым адбудзецца юбілейная аўдыенцыя прадстаўнікоў юстыцыі з Папам Львом XIV. У другой палове дня пілігрымы пройдуць праз Святую Браму ватыканскай базілікі. Увечары ў Палацы Канцэлярыі адбудзецца сустрэча з суддзёй Вярхоўнага суда ЗША Самуэлем Аліта, а ў Палацы Альтэмпс – дыспут (disputatio) пад кіраўніцтвам прафесара Патрыка Вальдрыні.