Пошук

Мазаіка Маці Божай дэль Пілар у Ватыканскіх садах Мазаіка Маці Божай дэль Пілар у Ватыканскіх садах 

У Ватыканскіх садах асвяцілі новую мазаіку Багародзіцы

24 верасня 2025 года ў Ватыканскіх садах урачыста асвяцілі мазаіку Маці Божай дэль Пілар, апякункі іспанцаў і іспанамоўных асоб, у рамках традыцыі размяшчэння марыйных вобразаў з Лацінскай Амерыкі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Новая мазаіка, размешчаная ў “Bastione Maestro”, адлюстроўвае з'яўленне Багародзіцы апосталу Якубу на беразе ракі Эбра. Паводле традыцыі, падзея адбылася 2 студзеня 40 года, і ў 2040 годзе Іспанія адзначыць яе дзвюхтысячную гадавіну. Цырымонію асвячэння ўзначаліў кардынал Фернанда Вергес Альсага.

Мазаіка выканана майстэрняй "La Cerámica Valenciana" паводле ўзораў XVIII стагоддзя. Кампазіцыя паказвае Маці Божую на калоне і апостала Якуба як пілігрыма. На заднім плане – від Сарагосы з касцёлам Санта-Марыя-дэ-Мантсерат. Сімвал вала адносіцца да геральдычнага знаку роду Борха (Борджыя), з якога паходзілі Папы Калікст III і Аляксандр VI.

Ініцыятарамі праекту сталі Канферэнцыя Біскупаў Іспаніі, дыяцэзіі Сарагосы і Санцьяга-дэ-Кампастэлы і супольнасць іспанскіх католікаў у Рыме.
 

25 верасня 2025, 13:12