Святы Джон Генры Ньюман Святы Джон Генры Ньюман 

Кардынал Сэмерара пра Ньюмана: не навяртанне, а шлях

31 кастрычніка 2025 года ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме адбыўся сімпозіум, прымеркаваны да абвяшчэння святога Джона Генры Ньюмана Доктарам Касцёла. Яго адкрыццё ўзначаліў кардынал Марчэла Сэмерара, прэфект Дыкастэрыі па справах кананізацыі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Сімпозіум праходзіць пад назвай “Святы Джон Генры Ньюман – Доктар паўсюднага Касцёла. Яго актуальнасць сёння”. Арганізатарам выступае тэалагічны факультэт Універсітэта ў супрацоўніцтве з Міжнародным цэнтрам сяброў Ньюмана, цэнтрам “De Nicola Center for Ethics and Culture” з універсітэта “Notre Dame” і Нацыянальным інстытутам даследаванняў Ньюмана (ЗША).

У сваёй прамове да ўдзельнікаў форума кардынал Сэмерара адзначыў значнасць гэтай падзеі для ўсяго Каталіцкага Касцёла і падкрэсліў, што жыццёвы шлях Ньюмана важна разглядаць як паступовы працэс духоўнага развіцця, а не проста як пераход у іншую канфесію.

Іерарх распавёў аб тым, што ідэя правядзення сімпозіума ўзнікла яшчэ ў 2021 годзе з петыцыі Канферэнцыі Біскупаў Англіі і Уэльса, да якой далучыліся епіскапаты Шатландыі і Ірландыі, а неўзабаве паступілі і іншыя просьбы з усяго каталіцкага свету. Ініцыятыву англійскага Касцёла падтрымалі прадстаўнікі Англіканскай царквы – архіепіскапы Кентэрберыйскі і Ёркскі.

Атрымаўшы дазвол Папы Францішка, Дыкастэрыя па справах кананізацыі распачала кананічную працэдуру, якая прадугледжвала кансультацыі з Дыкастэрыяй веравучэння. Кардынал Віктар Мануэль Фернандэс адзначыў высокую каштоўнасць і актуальнасць спадчыны Ньюмана. І хоць смерць Папы Францішка запаволіла працэс, яго пераемнік пацвердзіў вынікі пленарнага пасяджэння кардыналаў і біскупаў аб прысваенні святому Джону Генры Ньюману тытула Доктара Касцёла. 28 верасня 2025 года Леў XIV паведаміў аб тым, што абвяшчэнне адбудзецца 1 лістапада 2025 года. Папа падкрэсліў вырашальны ўклад Ньюмана ў “абнаўленне тэалогіі і разуменне хрысціянскага вучэння у яго развіцці”.

Кардынал Сэмерара адзначыў, што жыццёвы шлях Ньюмана важна разглядаць як паступовы рух да Каталіцкага Касцёла, а не проста як пераход у іншую канфесію. Сам Ньюман пісаў, што з 1845 года ён ніколі не сумняваўся ў абавязку далучыцца да Каталіцкага Касцёла, які ён лічыў Боскім. У сваім эсэ аб развіцці хрысціянскага вучэння Ньюман пакінуў нам не толькі тэалагічны прынцып, але і асабісты досвед дасягнення святла ў цёмныя часы. Папа Бэнэдыкт XVI адзначаў, што ў Ньюмане думка і жыццё непарыўна ўзаемазвязаныя, і яго эсэ адлюстроўвае “навяртанне, якое не мае канцу”.

На сваім духоўным шляху Ньюман сустракаў цені і штормы. У адзін такі цяжкі момант на Сіцыліі ён пісаў: “Я не зграшыў супраць святла”. Ён таксама адзначаў, што яго навяртанне не суправаджалася інтэлектуальнымі або маральнымі зменамі, але здавалася яму “вяртаннем у порт пасля бурнага плавання”, - заўважыў кардынал Сэмерара.

Іерарх нагадаў словы Паўла VI, які казаў, што Ньюман “не пераставаў верыць у тое, у што верыў, але верыў у гэта яшчэ глыбей: ён прывёў англіканскую веру да яе паўнаты”.

31 кастрычніка 2025, 14:27