Пошук

Кардынал Тагле наведаў каталіцкую супольнасць у Азербайджане

18 кастрычніка 2025 года пра-прэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі здзейсніў візіт у Азербайджан. Падчас паездкі ён наведаў будаўнічую пляцоўку новага касцёла святога Яна Паўла ІІ у Баку.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Участак зямлі для будаўніцтва другой каталіцкай святыні ў сталіцы Азербайджана быў выдзелены спецыяльным указам прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева. У снежні 2024 года арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, асвяціў пляцоўку пад будаўніцтва касцёла святога Яна Паўла II у Баку.

Кардынал Тагле наведаў Азербайджан на запрашэнне біскупа Уладзіміра Фекеце. У рамках візіту ён сустрэўся з старшынёй Дзяржаўнага камітэта па справах рэлігій Рамінам Мамедавым, падзякаваўшы за спрыяльны для міжканфесійных адносін клімат у краіне, а таксама за дзяржаўную і грамадскую падтрымку каталіцкай супольнасці ў ажыццяўленні яе місіі.

Асобным пунктам праграмы стала наведванне прытулку для бяздомных святой Маці Тэрэзы з Калькуты, дзе кардынал Тагле ўзначаліў Імшу.

Іерарх наведаў таксама курыю апостальскай прэфектуры, дзе яго цёпла вітала мясцовае духавенства, а таксама святары і манахі ордэна салезіянаў, якія знаходзіліся ў Баку на ўрачыстасцях з нагоды 25-годдзя місіі ў краіне.

За кубкам гарбаты ў рэфекторыі курыі прысутныя мелі магчымасць задаць кардыналу Тагле пытанні пра выклікі, з якімі сутыкаецца Касцёл у свеце.

Візіт кардынала Тагле ў Азербайджан
Візіт кардынала Тагле ў Азербайджан
20 кастрычніка 2025, 12:34