Дзяржсакратар пра Газу: трэба верыць у добрую волю бакоў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
15 кастрычніка 2025 года бліжэйшы супрацоўнік Папы прыняў удзел у цырымоніі ўручэння літаратурнай прэміі “Паслы пры Святым Пасадзе”, якая прайшла ў Пасольстве Італіі пры Апостальскай Сталіцы ў Рыме. Узнагароду атрымаў журналіст Андрэа Анджэлі за кнігу “Вера, апошняя надзея. Гісторыі законнікаў у зонах канфліктаў”, прысвечаную дзейнасці каталіцкага духавенства ў сферы абароны правоў чалавека і дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій. Па словах кардынала Параліна, выданне паказвае душу каталіцкай веры – “несці святло ў цемру і надзею ў час выпрабаванняў”.
Першыя крокі да міру ў Газе
На палях цырымоніі Дзяржсакратар адказаў на пытанні журналістаў. Каментуючы сітуацыю на Блізкім Усходзе, ён адзначыў, што пагадненне аб спыненні агню ў Газе з’яўляецца “толькі першым, хоць і вельмі важным, крокам”.
Ад самага пачатку перамоў адзначалася, што існуюць “пункты, адносна якіх няма поўнай згоды, і цяпер гэтыя праблемы выходзяць на паверхню”, - сказаў кардынал Паралін, дадаўшы: “Мы не павінны губляць надзею. Трэба верыць, што ўсе бакі маюць добрую волю працягваць рух наперад”.
Іерарх згадаў таксама пра айца Габрыэле Раманэлі, святароў і сясцёр з парафіі Святой Сям’і ў Газе, назваўшы іх “знакам надзеі” для Касцёла і свету, бо, у той час як многія імкнуліся пакінуць Газу, яны зрабілі супрацьлеглы выбар – засталіся і нават вярнуліся, каб дзяліць лёс сваіх вернікаў. Яны далі вялікае сведчанне веры, якое павінна стаць урокам для ўсіх: “нават у самых трагічных сітуацыях, калі, здаецца, перамагае нянавісць, прысутнасць святла хрысціянскай любові дае свету надзею”, - сказаў Дзяржсакратар.
Надзея для Украіны
Закранаючы тэму вайны ва Украіне, кардынал Паралін выказаў надзею, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, пасля ўмяшання ў сітуацыю ў Газе, зможа прыкласці большыя намаганні, каб “знайсці шлях выйсця з вайны ў Еўропе”. Ён заўважыў, што спробы, зробленыя да гэтага часу, у тым ліку сустрэча з Уладзімірам Пуціным на Алясцы, не прынеслі чаканых вынікаў, аднак “ЗША адыгрываюць важную ролю ў такіх сітуацыях”.