Пошук

XVI Канферэнцыя ЮНКТАД у Жэневе XVI Канферэнцыя ЮНКТАД у Жэневе   (ANSA)

Святы Пасад ў ААН: у цэнтры развіцця павінен быць чалавек

Калі чалавек перастае быць цэнтрам развіцця, узнікае крызіс: рост без справядлівасці, багацце без сапраўднага дабрабыту, - заявіў на канферэнцыі ЮНКТАД прадстаўнік Святога Пасада.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Падсакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, айцец Даніэль Пача прыняў удзел у Шаснаццатай Канферэнцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па гандлі і развіцці (ЮНКТАД), якая прайшла ў Жэневе 21 кастрычніка 2025 года. Ва ўмовах цяперашняга крызісу шматбаковай сістэмы важна знайсці адказ, які патрабуе маральнай мужнасці і новага кірунку. Красамоўным выразам гэтай перакананасці з'яўляецца тэма канферэнцыі – "Фарміраванне будучыні: стымуляванне эканамічных пераўтварэнняў дзеля справядлівага, інклюзіўнага і ўстойлівага развіцця", - адзначыў ён.

Будучыня – гэта тое, што трэба будаваць цяпер з дапамогай бачання, рашучасці і настойлівых дзеянняў. Пераўтварэнні патрабуюць пераадолення глабальнай няроўнасці паміж краінамі і кантынентамі, бо яна пагражае супольнай будучыні. Развіццё павінна ставіць у цэнтр чалавечую асобу, яе годнасць і агульнае дабро, - нагадаў дыпламат.

Развіццё нельга звесці да статыстыкі, бо гаворка ідзе пра людзей. Калі чалавек перастае быць цэнтрам развіцця, непазбежна ўзнікае крызіс. Сёння міжнародная супольнасць сутыкаецца менавіта з такім крызісам: рост без справядлівасці, багацце без сапраўднага дабрабыту. Таму, як заклікае Леў XIV, трэба імкнуцца да ліквідацыі структурных прычын беднасці, - зазначыў прадстаўнік Святога Пасада.

Важнымі ўмовамі ўсебаковага развіцця чалавека з'яўляюцца павага да жыцця і свабода веравызнання. Перашкаджаць сапраўднаму развіццю чалавека можа не толькі экстрэмізм, але і наўмыснае распаўсюджванне рэлігійнай абыякавасці або практычнага атэізму, бо яны пазбаўляюць грамадства жыццёва важных духоўных і чалавечых рэсурсаў, - сцвердзіў дыпламат.

Цяжкасці ў дасягненні ўстойлівага развіцця могуць быць таксама звязаныя з пазыковым крызісам і экалагічным доўгам, якія патрабуюць ад багатых нацый даравання даўгоў краін, якія ніколі не змогуць іх пагасіць – гэта пытанне не велікадушнасці, а справядлівасці, - падкрэсліў айцец Пача. Яшчэ адну грань крызісу ў галіне развіцця ўяўляе сабой імклівае развіццё штучнага інтэлекту. Ён патрабуе адказнасці, праніклівасці, этычнага кіравання і нарматыўна-прававой базы, арыентаванай на чалавечую асобу, - падкрэсліў ён.

Святы Пасад па-ранейшаму ўпэўнены, што, калі чалавецтва дзейнічае разам з дальнабачнасцю і рашучасцю, крызіс можа стаць магчымасцю для больш братэрскай і ўстойлівай будучыні і росквіту чалавека, - заключыў ватыканскі дыпламат.

22 кастрычніка 2025, 13:38