Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у ААН: адмовіцца ад ілюзорнай логікі гонкі ўзбраення

Пастаянны прадстаўнік Святога Пасада пры ААН асудзіў рост ваенных выдаткаў, якія ў мінулым годзе дасягнулі непрымальнай сумы ў 2,7 трыльёна долараў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Арцыбіскуп Габрыэле Кача выступіў 17 кастрычніка 2025 года на агульных дэбатах Першага камітэта 80-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, на якой абмяркоўваліся пытанні раззбраення.

Нанова адкрыць для сябе шматбаковасць

Іерарх адзначыў, што праз восемдзесят гадоў пасля бамбардзіроўкі Хірасімы і Нагасакі і заснавання ААН “дух дыпламатыі і шматбаковасці, які так старанна выпрацоўваўся для абароны чалавецтва ад бедстваў вайны, усё больш слабее з-за небяспечнага вяртання моцы і страху як спосабаў вырашэння спрэчак”.

Цытуючы словы Льва XIV дыпламат задаецца пытаннем, як можна працягваць здраджваць імкненню народаў да міру праз прапаганду назапашвання зброі, як быццам ваенная перавага вырашыць праблемы, а не распаліць яшчэ большую нянавісць і жаданне помсты? Людзі пачынаюць усведамляць, колькі грошай асядае ў кішэнях гандляроў смерцю. Гэтыя грошы маглі б быць выкарыстаны для будаўніцтва новых шпіталяў і школ, а замест гэтага выкарыстоўваюцца для знішчэння тых, якія ўжо існуюць!

Небяспечная сувязь зброі і ШІ

Арцыбіскуп Кача выказаў глыбокую занепакоенасць новай гонкай узбраенняў, адзначанай інтэграцыяй штучнага інтэлекту (ШІ) у ваенныя сістэмы з велізарным разбуральным патэнцыялам і распаўсюджваннем канкурэнцыі на такія вобласці, як космас і супрацьракетная абарона. Гэтыя распрацоўкі ўяўляюць беспрэцэдэнтную небяспеку для чалавецтва, - папярэдзіў ён, заклікаючы ўсе дзяржавы, якія валодаюць ядзернымі арсеналамі, выконваць свае абавязацельствы па артыкуле VI Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі.

Патрэбна змена перспектывы

На жаль, незлічоная колькасць нявінных людзей працягвае пакутаваць ад разбуральных наступстваў выбуховай зброі, якая ўсё часцей выкарыстоўваецца без разбору ў населеных раёнах, а таксама ад супрацьпяхотных мін, якія працягваюць калечыць і забіваць яшчэ доўгі час пасля заканчэння канфліктаў, - асудзіў прадстаўнік Святога Пасада.

Дыпламат настойліва заклікаў дзяржавы-члены заключыць да 2026 года юрыдычна абавязковы дакумент, які забараняе прымяненне штучнага інтэлекту ў звычайных узбраеннях.

Недапушчальна, каб ваенныя выдаткі дасягалі 2,7 трыльёна долараў у 2024 годзе, у той час як прагрэс у дасягненні Мэт устойлівага развіцця запавольваецца. “Што неабходна, так гэта фундаментальная змена перспектывы: адмова ад спадзявання на зброю і пабудова міру з дапамогай дыялогу на аснове падыходу, арыентаванага на чалавека, які трывала абапіраецца на годнасць і поўную павагу правоў чалавека і імкнецца да інтэгральнага чалавечага развіцця, – заключыў арцыбіскуп Кача.

19 кастрычніка 2025, 12:51