Святы Пасад у ААН: выкарыстоўваць космас выключна ў мірных мэтах
Марыя Валодзіна - Vatican News
Арцыбіскуп Габрыэле Кача прыняў удзел у тэматычнай дыскусіі аб космасе, якая 27 кастрычніка 2025 года прайшла ў Першым камітэце 80-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку. Ён падкрэсліў, што касмічная прастора – гэта крыніца велізарных магчымасцяў для чалавецтва, але адначасова і сфера вялікай адказнасці. Яна нагадвае нам пра веліч і далікатнасць стварэння, а таксама пра наш абавязак перад агульным дабром усяго чалавецтва.
Дыпламат падкрэсліў, што космас адкрывае перад чалавецтвам беспрэцэдэнтныя магчымасці для супрацоўніцтва і навуковага прагрэсу. Аднак разам з гэтым узрастаюць пагрозы яго мірнаму выкарыстанню. Нягледзячы на доўгія гады дыскусій, распачатых на Канферэнцыі па раззбраенні 1985 года, міжнародная супольнасць усё яшчэ не прыйшла да пагаднення аб забароне ўсіх відаў зброі ў космасе. Развіццё касмічных сістэм узбраення і назапашванне касмічнага смецця на нізкай зямной арбіце ўяўляюць сабой сур'ёзную пагрозу міру, бяспекі і доўгатэрміновай стабільнасці касмічнай дзейнасці.
Прадстаўнік Святога Пасада заклікаў да выкарыстання космасу выключна ў мірных мэтах і дзеля карысці ўсяго чалавецтва. Дагавор аб космасе нагадвае, што гэтая прастора з’яўляецца агульным дабром, якое трэба захоўваць для цяперашніх і будучых пакаленняў, а не выкарыстоўваць выключна ў інтарэсах прыватных арганізацый або дзяржаў.
“Важна, каб незвычайныя магчымасці космаса выкарыстоўваліся для ўмацавання салідарнасці, абароны стварэння і ўмацавання міру на карысць усяго чалавецтва, а не для распаўсюджвання зямнога суперніцтва на космас”, - адзначыў арцыбіскуп Кача, заклікаючы захаваць космас прасторай надзеі, прагрэсу і агульнай адказнасці для будучых пакаленняў.