Юбілей "Nostra Aetate": дыялог рэлігій у Ватыкане
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Для святкавання 60-й гадавіны дэкларацыі Другога Ватыканскага Сабору аб адносінах Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій “Nostra Aetate” дзве ватыканскія структуры – Дыкастэрыя па міжрэлігійным дыялогу і Камісія па рэлігійных адносінах з юдаізмам пры Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству – арганізуюць адмысловы форум. Ён пройдзе 28 кастрычніка 2025 года ў Зале Паўла VI у Ватыкане.
Сустрэча збярэ лідараў розных рэлігійных традыцый з усяго свету
Урачысты вечар стане нагодай для ўшанавання шасці дзесяцігоддзяў дыялогу, сяброўства і супрацоўніцтва паміж паслядоўнікамі сусветных рэлігій, натхнёных адным з самых наватарскіх дакументаў Сабору.
Гэта таксама будзе магчымасцю аднавіць заклік да міру, справядлівасці і чалавечага братэрства ў эпоху, пазначаную падзеламі і канфліктамі. У Ватыкан прыедуць лідары і прадстаўнікі юдаізму, ісламу, індуізму, джайнізму, сікхізму, будызму, зараастрызму, канфуцыянства, даасізму, сінтаізму і традыцыйных афрыканскіх рэлігій.
Разам з імі будуць прысутнічаць члены Рымскай курыі, дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе, каталіцкія дэлегаты, якія займаюцца міжрэлігійным дыялогам, навукоўцы, прадстаўнікі міжрэлігійных сетак і моладзь з усяго свету.
Кульмінацыя вечара – прамова Льва XIV і сімвалічны жэст усіх удзельнікаў
Праграма мерапрыемства ўключае ў сябе музыку, асабістыя сведчанні і культурныя выступленні, якія будуць услаўляць адзінства ў разнастайнасці.
Кульмінацыйным момантам стане прамова Папы Льва XIV, пасля якой настане хвіліна малітоўнай цішыні за мір. Кожны ўдзельнік атрымае ў падарунак мяшочак з насеннем як сімвал супольнай місіі – працягваць сеяць зярняты дыялогу і надзеі для будучых пакаленняў.
На наступны дзень, 29 кастрычніка 2025 года, тэме “Nostra Aetate” і міжрэлігійнаму дыялогу будзе прысвечана і агульная аўдыенцыя Святога Айца, у якой возьмуць удзел шматлікія рэлігійныя лідары.
Абедзве падзеі адкрытыя для публікі, аднак колькасць месцаў абмежаваная. Бясплатныя білеты на мерапрыемства "Ісці разам з надзеяй" можна замовіць да 27 кастрычніка 2025 года. Прамую трансляцыю будзе весці “Vatican Media”.