Пошук

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. 22.10.2025 Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. 22.10.2025 

З Беларусі ў Рым: 500 вернікаў на Плошчы Святога Пятра

Каля 500 пілігрымаў з Беларусі прынялі ўдзел у агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане і пройдуць праз Святую Браму з нагоды Юбілейнага года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Плошча Cвятога Пятра 22 кастрычніка 2025 года гасцінна сустрэла вялікую групу вернікаў з Беларусі, якія прыбылі ў Вечны горад з нагоды Юбілею 2025 года.

Каля пяцісот чалавек, пераважна з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, у тым ліку з парафій Мінска, Нясвіжа і Вілейкі, далучыліся да тысяч іншых пілігрымаў на агульнай аўдыенцыі з Папам Львом XIV. Для многіх гэтая пілігрымка стала доўгачаканай падзеяй, да якой яны дабіраліся як на аўтобусах, так і самалётам, каб атрымаць ласку Юбілейнага года.

 Арцыбіскуп Юзафаф Станеўскі і біскуп Аляксандр Яшэўскі падчас кароткага прывітання Святога Айца ў рамках агульнай аўдыенцыі
Арцыбіскуп Юзафаф Станеўскі і біскуп Аляксандр Яшэўскі падчас кароткага прывітання Святога Айца ў рамках агульнай аўдыенцыі

У другой палове дня для беларускіх пілігрымаў запланавана асаблівая падзея. Перад святой Імшой яны здзейсняць кароткую, але сімвалічную працэсію ад Замка Святога Анёла праз Плошчу Святога Пятра да ватыканскай базілікі. Кульмінацыяй гэтага шляху стане праходжанне праз Святую Браму – адзін з найважнейшых абрадаў Юбілею, які сімвалізуе пераход ад граху да ласкі і пачатак новага жыцця ў Хрысце.

У 15.00 у Базіліцы Святога Пятра пачнецца Імша на беларускай мове. Урачыстую Эўхарыстыю для сваіх землякоў узначаліць арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Супольная малітва на роднай мове ў галоўнай святыні каталіцкага Касцёла стане для вернікаў моцным духоўным перажываннем і знакам адзінства з Паўсюдным Касцёлам.
 

22 кастрычніка 2025, 10:23