Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Фарэл: даўгалецце – ласка і новая магчымасць для веры

Пажылыя людзі ўжо не меншасць, а значная частка грамадства, якая працягвае расці. Неабходна душпастырства, якое суправаджае і цэніць іх, — сказаў кардынал Кевін Фарэл ва ўступным слове на адкрыцці Другога Міжнароднага кангрэса па душпастырству пажылых.

Марыя Валодзіна - Vatican News

2 кастрычніка 2025 года ў Генеральнай курыі Таварыства Езуса ў Рыме прайшло адкрыццё кангрэса па душпастырству пажылых, арганізаванага Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця. Звяртаючыся да гасцей, кардынал-прэфект падкрэсліў, што падчас пантыфікату Францішка душпастырская ўвага да свету пажылых людзей узмацнілася і стала ажыццяўляцца больш сістэмна. За гэтым стаіць доўгі касцёльны шлях, - нагадаў кардынал Фарэл, тлумачачы, што ўвага да пажылых стала плёнам дзейнасці, распачатай папярэднікамі Францішка.

Рэфлексія пра душпастырства пажылых грунтуецца на спадчыне Другога Ватыканскага Сабора, які прызнаў сумесную адказнасць усіх ахрышчаных, у любым узросце, за жыццё і місію Касцёла. Таму для рэалізацыі рашэнняў Сабора, неабходна зрабіць крок наперад для спрыяння росквіту душпастырства пажылых. Пажылыя людзі – гэта не толькі мінулае Касцёла, але і яго будучыня: іх досвед, глыбокая вера і мудрасць з'яўляюцца бясцэнным скарбам для ўсяго Народу Божага ў яго падарожжы, - нагадаў іерарх.

Сёння мы сутыкаемся з новай сацыяльнай сітуацыяй: упершыню ў гісторыі назіраецца шырока распаўсюджанае даўгалецце. Пажылыя людзі больш не меншасць, а вялікі сегмент грамадства, які працягвае расці. У Еўропе больш за пятую частку насельніцтва складаюць людзі старэйшыя за 65 гадоў, а ў такіх краінах, як Японія, Італія і Германія, гэтая ўзроставая група ўжо складае чвэрць насельніцтва. Нават у Афрыцы, кантыненце з вельмі нізкім сярэднім узростам, агульная колькасць пажылых людзей расце, - паведаміў кардынал Фарэл.

Сабор заклікаў чытаць знакі часу ў святле Евангелля. У гэтай перспектыве цяперашняе падаўжэнне жыцця варта ўспрымаць як ласку, як новую магчымасць. Больш гадоў жыцця, у святле веры, азначае больш часу, каб з энтузіязмам адкрыцца на абвяшчэнне Евангелля, узбагачаючы ўсю супольнасць.

У многіх парафіях пажылыя людзі з'яўляюцца не толькі самай вялікай, але часта і самай актыўнай, групай. Пенсія больш не з'яўляецца сінонімам бяздзейнасці, але часам, багатым на абавязкі і цікавыя заняткі. Патрэбна душпастырская дзейнасць, якая ўмее суправаджаць і цаніць гэтыя сілы, пазбягаючы загадзя падрыхтаваных рэцэптаў, бо кожная супольнасць мае сваю гісторыю і асаблівасці, але ідучы разам у сапраўды сінадальным духу, каб надаць імпульс такому важнаму душпастырскаму служэнню, - заключыў прэфект.

02 кастрычніка 2025, 13:29