Пошук

Леў XIV падчас сустрэчы з чальцамі Камісіі па эканамічных пытаннях Леў XIV падчас сустрэчы з чальцамі Камісіі па эканамічных пытаннях  (@Vatican Media)

Motu proprio: Папа парадкуе фінансавыя інвестыцыі Святога Пасада

"Супольная адказнасць" – ключавы прынцып “motu proprio” Папы Льва XIV. Дакумент "Coniuncta cura" ўпарадкоўвае фінансавыя інвестыцыі Святога Пасада.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец абнародаваў апостальскі ліст у форме “motu proprio” пад назвай “Coniuncta cura”, які датычыць фінансавых інвестыцый Святога Пасада. Дакумент, падпісаны 29 верасня 2025 года, ва ўрачыстасць святых Арханёлаў, працягвае шлях рэформ, вызначаны ў Апостальскай канстытуцыі “Praedicate Evangelium”.

Як адзначаецца ў тэксце, новы дакумент мае на мэце ўмацаваць прынцып супольнай адказнасці ў служэнні Рымскай курыі. Ён дакладна вызначае ролі і кампетэнцыі кожнай інстытуцыі, каб усе маглі дзейнічаць у духу ўзаемнага супрацоўніцтва. Рашэнне было прынята пасля ўважлівага разгляду рэкамендацый, аднадушна ўхваленых Радай па эканамічных пытаннях, і кансультацый з экспертамі.

Новыя правілы для фінансавых інвестыцый

“Motu proprio” ўводзіць некалькі ключавых змен. Па-першае, ён адмяняе папярэднюю інструкцыю па кіраванні фінансавымі актывамі і ліквіднасцю Святога Пасада ад 23 жніўня 2022 года. Па-другое, усе фінансавыя інвестыцыі Святога Пасада цяпер павінны адпавядаць зацверджанай Інвестыцыйнай палітыцы і палажэнням, устаноўленым Камітэтам па інвестыцыях.

Роля Адміністрацыя маёмасці і Інстытута рэлігійных спраў

Дакумент дакладна вызначае механізм кіравання інвестыцыямі. За іх ажыццяўленне будзе адказваць Адміністрацыя маёмасці Апостальскай Сталіцы (APSA). Для гэтага яна, як правіла, будзе выкарыстоўваць унутраную арганізацыйную структуру Інстытута рэлігійных спраў - Ватыканскага банка (IOR).

Аднак дакумент пакідае прастору для гнуткасці. Калі кампетэнтныя органы Камітэта па інвестыцыях палічаць больш эфектыўным або мэтазгодным выкарыстанне іншых фінансавых пасрэднікаў, зарэгістраваных у іншых дзяржавах, гэта будзе дапушчальна.

Новы закон уваходзіць у сілу неадкладна пасля публікацыі ў газеце “L'Osservatore Romano” і будзе ўключаны ў афіцыйны збор дакументаў “Acta Apostolicae Sedis”.
 

06 кастрычніка 2025, 12:06