Папскі астраном: скепсіс наконт касмічных планаў мільярдэраў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Новапрызначаны дырэктар Ватыканскай астранамічнай абсерваторыі ў Кастэль-Гандольфа, ксёндз Рычард Энтані Д’Суза, выказаў скептыцызм адносна касмічных праектаў Ілана Маска і Джэфа Безаса. У інтэрв’ю італьянскаму штодзённіку “La Repubblica” 30 верасня 2025 года індыйскі езуіт пракаментаваў іх амбіцыйныя планы.
Ідэю Безаса аб касмічным турызме ён назваў малаверагоднай для сярэдняга класа. “Я лічу, што на Зямлі існуе шмат іншых, значна важнейшых праблем, якія заслугоўваюць нашай увагі”, - сказаў навуковец. Таксама скептычна ён паставіўся да задумы Маска па каланізацыі Марса. “Тэрафармаванне”, гэта значыць мэтанакіраванае змяненне іншай планеты людзьмі, – гэта далёкая і нерэальная мара”, - лічыць ксёндз Д’Суза.
Пазаземнае жыццё і вера
Папскі астраном, аднак, дапускае імавернасць існавання жыцця на іншай планеце, улічваючы вялікую колькасць вядомых на сёння экзапланет. “Пытанне ў тым, ці зможам мы выявіць такое пазаземнае жыццё”, - сказаў ён. Святар дадаў, што на гэтым этапе навуковых адкрыццяў лічыць немэтазгодным разважаць, “ці вераць гэтыя гіпатэтычныя іншапланецяне ў Бога”.
Папа і навука
Кіраўнік Ватыканскай абсерваторыі ўскладае вялікія надзеі на Папу Льва XIV, які сам па адукацыі з’яўляецца матэматыкам. Святы Айцец праяўляе вялікую зацікаўленасць да яго працы. “Мне здаецца, яго цікавіць, як вынікі навукі могуць быць выкарыстаны, каб мы захапляліся Божым стварэннем і дапамагалі ўсім”, - адзначыў ксёндз Д’Суза.
У ліпені, у гадавіну высадкі на Месяц, Леў XIV наведаў Ватыканскую абсерваторыю, а пазней размаўляў па тэлефоне з астранаўтам Базам Олдрынам. Пантыфік таксама цікавіўся дзейнасцю Паўла VI, які размаўляў з астранаўтамі падчас іх місіі.
“Леў XIV глыбока ўсведамляе, як падарожжа на Месяц натхніла цэлае пакаленне і спрыяла прагрэсу, які палепшыў якасць чалавечага жыцця”, - сказаў астраном. Ён падкрэсліў, што Папа разумее важнасць адноўленай цікавасці да Месяца як да патэнцыяльнай стартавай пляцоўкі для пілатуемых місій на далёкія планеты.