Пошук

Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Паралін: надзея на мір у Газе, непакой за свабоду прэсы

Кардынал Паралін выказаў надзею на мірны план у Газе, асудзіў напады на хрысціян на Заходнім беразе і замах на свабоду прэсы, назваўшы гэта праявай нецярпімасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы падзяліўся думкамі з журналістамі пасля прэзентацыі новай “Справаздачы аб рэлігійнай свабодзе ў свеце”, падрыхтаванай Папскім фондам “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”.

Кардынал П’етра Паралін адзначыў, што Святы Пасад “занепакоены” зрывам перамір’я ў Газе, але “поўны надзеі на тое, што мірны план можа спрацаваць”.

Каментуючы пераслед хрысціян у паселішчы Тайбэ на Заходнім беразе Іардана ізраільскімі пасяленцамі, іерарх назваў гэтую сітуацыю “непрымальнай”. Ён адзначыў, што, хоць праблема там вельмі складаная, лютасць у адносінах да хрысціян не паддаецца разуменню. Пры гэтым кардынал лічыць праблематычным ужыванне слова “пераслед”.

Закранаючы хвалю насілля ў Нігерыі, Дзяржсакратар падкрэсліў, што, паводле мясцовых суразмоўцаў, гэта “не рэлігійны, а хутчэй грамадскі канфлікт”. Ён звярнуў увагу на тое, што ахвярамі нецярпімасці ў Нігерыі становяцца і шматлікія мусульмане. “Гэта экстрэмісцкія групоўкі, якія не робяць адрозненняў для дасягнення сваіх мэт”, - дадаў іерарх.

Кардынал Паралін таксама выказаўся наконт замаху на італьянскага журналіста Зігфрыда Ранучы, вядоўцу праграмы “Report”, каля дома якога выбухнула бомба. Выказаўшы салідарнасць з пацярпелым, ён адзначыў, што “акты запалохвання ў адносінах да свабоднай прэсы” выклікаюць вялікую занепакоенасць.

“Мы хочам, каб кожны мог выказваць свой пункт гледжання з павагай і аб’ектыўнасцю, і каб ніхто не падвяргаўся такім пагрозам”, - падкрэсліў кіраўнік дыпламатыі Святога Пасада.
 

21 кастрычніка 2025, 11:43