Прысяга ў Ватыкане: кардынал Паралін пра вернасць і малітву
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Ва ўрачыстасць святога Францішка Асізскага, 4 кастрычніка 2025 года, кардынал П’етра Паралін узначаліў Імшу для новых рэкрутаў Папскай швейцарскай гвардыі перад іх прысягай.
У гаміліі ён заклікаў гвардзейцаў браць прыклад з Бедняка з Асізі, чыя вернасць Папу і Касцёлу “вынікала з яго сардэчнага сяброўства з Панам”. Іерарх падкрэсліў, што сапраўдная вернасць “не мае нічога ідэалагічнага”, а нараджаецца ў малітве, бо “ўсё адбываецца з любові, нічога насіллем”.
Спасылаючыся на словы Папы Льва XIV, Дзяржсакратар заахвоціў маладых вайскоўцаў клапаціцца пра ўнутранае жыццё. Гэта дазваляе пераняць позірк Хрыста, для якога “важнымі становяцца перш за ўсё малыя, менавіта тыя, хто ў вачах свету мала або нічога не значыць”. Менавіта ў такой адвазе ісці “супраць плыні”, па словах кардынала, можна знайсці шчасце і паўнату жыцця.
На ўрачыстасці прысутнічалі прэзідэнт Швейцарскай Канфедэрацыі Карын Келер-Зутэр, камандаванне Корпуса і сем’і рэкрутаў.