Пошук

Удзельнікі Сінода Біскупаў аб сінадальнасці Удзельнікі Сінода Біскупаў аб сінадальнасці  (ANSA)

Пантыфік сустрэнецца з удзельнікамі Юбілею сінадальных груп

З 24 па 26 кастрычніка 2025 года адбудзецца Юбілей сінадальных груп і органаў удзелу, праграма якога ўключае дыскусіі, малітоўнае чуванне, сустрэчу і святую Імшу з Папам Львом XIV.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Падзея стане важным этапам рэалізацыі накірункаў, вызначаных у Выніковым дакуменце XVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў, паведамляе Генеральны сакратарыят Сінода.

Мерапрыемства аб’яднае каля двух тысяч удзельнікаў – членаў сінадальных груп і органаў удзелу (прэзбітэральных, душпастырскіх, эканамічных саветаў), якія дзейнічаюць па ўсім свеце на дыяцэзіяльным або епархіяльным, нацыянальным і міжнародным узроўнях.

24 кастрычніка пройдзе цырымонія адкрыцця юбілейнай сустрэчы, падчас якой прагучаць даклады, прысвечаныя сінадальнасці і неабходнасці змянення стылю ўзаемаадносін у Касцёле. Сярод выступоўцаў будзе польскі кардынал Гжэгаж Рысь, арцыбіскуп Лодзі.

Да ўдзельнікаў сустрэчы далучыцца Папа, у прысутнасці якога прадстаўнікі розных рэгіёнаў свету прадставяць справаздачы аб выкліках і зменах, уведзеных для ажыццяўлення сінадальнасці ў мясцовых Касцёлах. Чакаецца, што Святы Айцец адкажа на іх пытанні. У перапынках паміж размовамі прагучаць музычныя творы ў выкананні айца Крыстабаля Фонэса, езуіта, музыканта і старшыні Папскай сусветнай сеткі малітвы.

25 кастрычніка ўдзельнікі Юбілею пройдуць праз Святую Браму ватыканскай Базілікі святога Пятра, пасля чаго на працягу дня будуць дзяліцца сваім досведам і добрымі сінадальнымі практыкамі ў групах, падзеленых паводле моўнага прынцыпу. Пасля заключнай агульнай сесіі яны збяруцца на малітоўнае марыйнае чуванне на Плошчы Святога Пятра.

Завершыцца Юбілей сінадальных груп і органаў удзелу ўрачыстай святой Імшой, якую Папа Леў XIV будзе цэлебраваць раніцай 26 кастрычніка ў Базіліцы Святога Пятра.
 

23 кастрычніка 2025, 11:35