Пошук

Леў XIV на ўрачыстай прысязе 27 навабранцаў Папскай швейцарскай гвардыі Леў XIV на ўрачыстай прысязе 27 навабранцаў Папскай швейцарскай гвардыі 

Новыя гвардзейцы прысягнулі ў прысутнасці Пантыфіка

Пантыфік упершыню за 57 гадоў прыняў удзел ва ўрачыстай прысязе 27 навабранцаў Папскай швейцарскай гвардыі, назваўшы іх службу красамоўным сведчаннем для моладзі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У суботу, 4 кастрычніка 2025 года, у другой палове дня на двары святога Дамасія ў Апостальскім палацы адбылася гістарычная цырымонія. Леў XIV стаў першым за 57 гадоў Пантыфікам, які асабіста прысутнічаў на прысязе, апошні раз гэта адбылося падчас пантыфікату Паўла VI у 1968 годзе. Дваццаць сем навабранцаў прынеслі ўрачыстую клятву на новым сцягу, на якім герб Папы Францішка быў заменены на герб дзеючага Пантыфіка.

Святы Айцец у сваёй прамове падзякаваў гвардзейцам за іх службу, падкрэсліўшы, што яна з’яўляецца важным сведчаннем для сучаснай моладзі пра каштоўнасць дару жыцця, служэння і ахвярнасці. Самі ж рэкруты пакляліся “верна, аддана і пачэсна” служыць Папу і яго наступнікам, ахвяруючы, калі спатрэбіцца, нават уласнае жыццё дзеля іх абароны.

На ўрачыстай прысязе 27 навабранцаў Папскай швейцарскай гвардыі
На ўрачыстай прысязе 27 навабранцаў Папскай швейцарскай гвардыі   (AFP or licensors)

Дата сёлетняй прысягі была перанесена са звычайнага 6 мая – гадавіны гераічнай абароны Пантыфіка ў 1527 годзе – з прычыны смерці Папы Францішка і наступнага канклаву.

Ва ўрачыстасці, якой папярэднічала Імша пад кіраўніцтвам кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна, прыняла ўдзел таксама прэзідэнт Швейцарыі Карын Келер-Зутэр.
 

05 кастрычніка 2025, 11:37