Шварцэнэгер: 1,4 мільярда католікаў – сіла для планеты
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Галівудская зорка і былы губернатар Каліфорніі 1 кастрычніка 2025 года прымае ўдзел у міжнароднай канферэнцыі “Абудзіць надзею на кліматычную справядлівасць” (Raising Hope for Climate Justice), якая праходзіць у Кастэль-Гандольфа. Арганізатарам выступае “Рух Laudato Si’” разам з касцельнымі і інстытуцыйнымі партнёрамі з нагоды дзесяцігоддзя энцыклікі Папы Францішка “Laudato si`”.
Напярэдадні мерапрыемства Арнольд Шварцэнэгер даў эксклюзіўнае інтэрв’ю “Vatican News”, якое запісалі Марыё Гальгана і Дэвін Уоткінс.
Пра філасофію поспеху і важнасць канкрэтнага плана
Адказваючы на пытанне пра тое, як ён мае намер выкарыстаць свае таленты і сетку кантактаў для прасоўвання клопату пра навакольнае асяроддзе, Шварцэнэгер спаслаўся на прынцыпы са сваёй кнігі “Будзь карысным”. “Заўсёды ёсць людзі, якія кажуць: гэта занадта складана ці нават немагчыма. Але я цвёрда веру: усё можна зрабіць, калі ў вас ёсць яснае бачанне і выразная мэта. Адна толькі надзея – гэта не стратэгія, патрэбны план”, - падкрэсліў ён. Як прыклад паспяховай рэалізацыі такой візіі, акцёр прывёў свой досвед на пасадзе губернатара.
Шварцэнэгер згадаў, што падчас яго кіравання ў Каліфорніі адміністрацыя не проста гаварыла пра забруджванне, але і дзейнічала. “Мы прынялі вельмі строгія законы, пра якія многія казалі, што яны небяспечныя для эканомікі. Але мы ўсё роўна іх зацвердзілі – і тым самым скарацілі выкіды і забруджванне на 25 працэнтаў”, - падзяліўся ён. Акрамя таго, быў усталяваны мільён сонечных дахаў, а доля абнаўляльных крыніц энергіі павялічылася з 19 да 70 працэнтаў. “Сёння ў Каліфорніі каля 100 дзён у годзе, калі энергія на 100 працэнтаў паступае з аднаўляльных крыніц”, - дадаў ён.
Поспех прадэманстраваў, што эканоміка і экалогія не выключаюць адна адну.
Пра штучны інтэлект і галоўную небяспеку для чалавецтва
Закранаючы тэму штучнага інтэлекту, вядомы па ролі ў фільме “Тэрмінатар”, Шварцэнэгер адзначыў: “Многія людзі непакояцца пра штучны інтэлект. Я, шчыра кажучы, менш. Мяне значна больш трывожыць звычайная чалавечая дурнота. Яе я лічу значна больш небяспечнай”.
Рашэнне супрацоўнічаць з Ватыканам ён патлумачыў атрыманым запрашэннем і велізарным патэнцыялам уплыву, якім валодае Касцёл. “Вядома, палітыка важная ў гэтым руху за навакольнае асяроддзе. Але адной палітыкі недастаткова. Нам патрэбны ўсе. І Ватыкан адыгрывае тут ключавую ролю: з ахопам у 1,4 мільярда католікаў і 400 тысяч святароў па ўсім свеце, яго патэнцыял не мае сабе роўных. Уявіце, калі б усе гэтыя людзі сталі крыжакамі за навакольнае асяроддзе! Гэта была б велізарная сіла”, - падкрэсліў акцёр.
Пра асабістае пакліканне, веру і Божы дар
“Я веру, што народжаны, каб пакінуць гэты свет лепшым, чым я яго знайшоў. Бог даў мне талент гаварыць на гэтыя тэмы, сілу волі, каб змагацца за іх, і я зраблю ўсё, што ў маіх сілах, каб зрабіць свет лепшым месцам”, - сказаў на заканчэнне Арнольд Шварцэнэгер.