Дзяржсакратар: для міру ва Украіне патрэбны ўдзел усіх
Марыя Валодзіна - Vatican News
“Каб зрабіць хаця б некалькі крокаў у напрамку міру ва Украіне, неабходны ўклад усіх”, - з такімі словамі звярнуўся да міжнароднай супольнасці Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы. 28 кастрычніка 2025 года ён выступіў на мерапрыемстве, прысвечаным саракагоддзю прызнання педыятрычнага шпіталя “Bambino Gesù” навукова-даследчым і лячэбным інстытутам.
Гуманітарная дзейнасць “Bambino Gesù”
Адказваючы на пытанні журналістаў у кулуарах мерапрыемства, кардынал Паралін назваў клініку “Bambino Gesù” выдатным прыкладам каталіцкай і італьянскай медыцыны. “Гэта важны момант, каб падкрэсліць месца і ролю “Bambino Gesù” у сістэме аховы здароўя, як каталіцкай, так і нацыянальнай”, - адзначыў ён. Іерарх нагадаў пра вялікую гуманітарную працу шпіталя, які прымае дзяцей не толькі з Палесціны, але і з іншых краін, дзе ідуць канфлікты.
Святы Пасад прыкладае шмат гуманітарных намаганняў, будзь то дапамога ахвярам вайны ці абмен палоннымі, таму што ўпэўнены, што яны могуць стаць дарогай, якая вядзе да міру, - сказаў іерарх. Ён дадаў, што Святы Пасад адчувае глыбокую прыхільнасць гэтай сферы, якая з’яўляецца традыцыйнай часткай ватыканскай дыпламатыі яшчэ з часоў Першай сусветнай вайны.
Сумесныя намаганні дзеля заканчэння вайны
Разважаючы пра вайну ва Украіне, Дзяржаўны сакратар заклікаў да разважлівасці, але і да надзеі: “цяжка сказаць”, якія крокі патрэбныя для спынення агню. “Калі б я ведаў, мы б ужо зрабілі іх. Думаю, што пэўныя перамовы працягваюцца, хоць, магчыма, і не публічна”, - сказаў ён, выказваючы надзею на тое, што гэтыя перамовы прынясуць плён.
Іерарх падкрэсліў неабходнасць шырокага ўдзелу міжнароднай супольнасці: “Безумоўна, патрабуецца ўдзел ЗША, але мы спадзяемся, што і Еўропа возьме на сябе вялікую вядучую ролю. Кітай таксама мае што сказаць. Прэзідэнт Трамп у цяперашні час знаходзіцца ў Кітаі і на Далёкім Усходзе, дзе гэтае пытанне таксама абмяркоўваецца. Нам патрэбны ўклад усіх, каб зрабіць крокі наперад у міры”.
Сустрэча з прэм’ер-міністрам Венгрыі
Кардынал Паралін назваў выдатнай сустрэчай дыялог з прэм’ер-міністрам Венгрыі Віктарам Орбанам, які адбыўся ў Ватыкане 27 кастрычніка 2025 года. “Кожны меў магчымасць выказаць сваю пазіцыю”, - сказаў ён. На пытанне, ці далёкія гэтыя пазіцыі адна ад адной, дыпламат адказаў: "Мы імкнёмся наблізіць нашы пункты гледжання як мага больш".