Спадчына “Fratelli tutti”: дыялог – ключ да мірнага суіснавання
Ян Глінскі
Кардынал Джорджа Джэйкаба Коавакада прысвяціў гэтай тэме артыкул, які быў апублікаваны ў часопісе "L’Osservatore Romano". Як напісаў прэфект, Дыкастэрыя па міжрэлігійным дыялогу паклікана “змагацца супраць шматлікіх несправядлівасцяў”, з якімі сутыкаецца чалавецтва, “і сведчыць пра тое, што ўсе вернікі, застаючыся цвёрда ўкаранёнымі ў сваёй рэлігійнай ідэнтычнасці, павінны ісці разам, нягледзячы на свае адрозненні, па шляху братэрства”.
Аўтар артыкула прывёў словы з восьмага раздзела энцыклікі "Fratelli tutti", якія найбольш яго ўразілі ў свой час, бо былі ўзяты з дакумента Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў яго радзімы – Індыі: “Мэта дыялогу – сяброўства, мір, згода, абмен каштоўнасцямі і маральна-духоўным досведам у духу праўды і любові”. Адначасова кардынал узгадаў, што пасля з’яўлення энцыклікі ён атрымаў ад Папы Францішка заданне арганізаваць шэраг апостальскіх падарожжаў, многія з якіх датычылі краін, дзе хрысціяне складаюць меншасць.
Прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу ўказаў і на сімвалізм месца падпісання энцыклікі "Fratelli tutti" – магіла святога Францішка ў Асізі. У гэтым кантэксце ён падкрэсліў сувязь паміж энцыклікай і Дакументам аб чалавечым братэрстве Францішка і Вялікага імама Эль-Таеба, падпісанага ў 2019 годзе.
Як напісаў прэфект, ад моманту з’яўлення энцыклікі і згаданага дакумента шмат што змянілася, у тым ліку і пераемнік апостала Пятра, але відаць, што Папа Леў XIV “ад самага пачатку свайго Пантыфікату хацеў ісці па слядах Папы Францішка”. Так, 19 мая 2025 года, прымаючы на аўдыенцыі прадстаўнікоў некаталіцкіх Цэркваў і іншых рэлігій, Леў XIV сказаў: “У свеце, параненым насіллем і канфліктамі, кожная з прадстаўленых тут супольнасцей уносіць сваю долю мудрасці, спачування, адданасці дабру чалавецтва і захаванню нашага агульнага дому”, а таксама “сведчанне нашага братэрскага адзінства, якое, я спадзяюся, мы зможам прадэманстраваць эфектыўнымі дзеяннямі, што будуць спрыяць пабудове больш мірнага свету”.