Пошук

Ксёндз Раман Суша Ксёндз Раман Суша  

Беларускі святар: міфадызайн – тэхналогія надзеі для Касцёла

Беларускі святар Раман Суша атрымаў у Рыме прэстыжную стыпендыю. У прамове ён прадставіў канцэпцыю міфадызайну як “тэхналогіі надзеі” для сучаснага свету.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

24 кастрычніка 2025 года падчас цырымоніі ўручэння стыпендыі Фонду "Centesimus Annus Pro Pontifice" беларускі святар Раман Суша звярнуўся да прысутных з дакладам, у якім назваў наратывы, вобразы і сімвалы "новай валютай улады". Ён адзначыў, што менавіта яны сёння скіроўваюць сэрцы людзей, ствараючы еднасць або падзелы.

Хрысціянскі міфадызайн – гэта тэхналогія надзеі

У сваім выступе ксёндз Суша засяродзіўся на канцэпцыі міфадызайну, якую ён вызначыў як "мастацтва праектаваць сэнсы" і надаваць форму гісторыям, што арыентуюць сумесныя дзеянні людзей.

На думку святара, гэта не проста "мяккая сіла", а энергія, здольная нараджаць ідэнтычнасць, памяць і надзею. Ён падкрэсліў, што міф у грамадскім жыцці – гэта не хлусня, а бачанне будучыні, праект, які можа стаць рэальнасцю, прыводзячы ў прыклад разважанні Платона.

Ксёндз Суша адзначыў, што для хрысціяніна міфадызайн з'яўляецца "тэхналогіяй надзеі", якая не падмяняе праўду, а надае ёй жывую форму, здольную крануць розум і сэрца. Аднак, як заўважыў дакладчык, кожная тэхналогія мае два абліччы: тая ж сіла, што аздараўляе грамадства, можа і параніць яго.

Місіянер – гэта будаўнік імунітэту, тэрапеўт сэнсаў

Міф можа аб'ядноўваць, а можа і маніпуляваць. Таму этыка знаходзіцца ў цэнтры яго даследавання – неабходнасць адрозніваць натхненне ад маніпуляцыі, а місію ад маркетынгу.

Паводле святара, міфадызайн – гэта не толькі тэорыя, але і практыка, штодзённы "культурны абрад", які праяўляецца ў мастацтве, медыя, адукацыі і дыпламатыі. Ён падкрэсліў, што разбурэнне сімвалічнай прасторы, калі слова губляе вагу, наносіць духоўную, грамадскую і антрапалагічную шкоду.

Урачыстая цырымонія ўручэння міжнароднай прэміі "Эканоміка і грамадства" адбылася 24 кастрычніка 2025 года ў Інстытуце “Maria Bambina” у Рыме.

Ксёндз Раман Суша, дактарант Папскага ўніверсітэта святого Тамаша Аквінскага (Angelicum), атрымаў навуковую стыпендыю разам з Энрыка Фрозіа, дактарантам Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца ў Мілане.

Прамовы лаўрэатаў стыпендый праслухалі Дзяржсакратар Яго Святасці кардынал П’етра Паралін, кардынал Рэйнхард Маркс, арцыбіскуп Мюнхенска-Фрайзінгскі, а таксама прадстаўнікі Фонда на чале з Паўла Гарона.

У сваёй прамове беларускі святар падкрэсліў, што сучасны місіянер – гэта "міфадызайнер", архітэктар даверу, які творча фарміруе сэнсы і культурную ідэнтычнасць у інфармацыйнай прасторы.
 

24 кастрычніка 2025, 10:43