Святы Пасад і Беларусь: дыпламатыя і мастацтва дзеля будучыні
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У рамках святкавання Юбілейнага года хрысціянства, з 13 па 15 кастрычніка 2025 года ў Ватыкане прайшла міжнародная канферэнцыя “Рэлігія і дыпламатыя”, арганізаваная асацыяцыяй “Carità Politica” (“Палітычная міласэрнасць”). Мерапрыемства сабрала кіраўнікоў структур Дзяржаўнага сакратарыяту, паслоў замежных дзяржаў, прадстаўнікоў міжнародных арганізацый і дзеячаў культуры.
Ключавой падзеяй стала выступленне арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера, cакратара Святога Пасада па сувязях з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі. Ён падкрэсліў, што ватыканская дыпламатыя грунтуецца на прынцыпах справядлівасці, міру і развіцця праз дыялог. Яе сутнасць – “станавіцца бліжнім” дзеля агульнага дабра, а не прыватных інтарэсаў. Гэтая “актыўная нейтральнасць” дазваляе Святому Пасаду дзейнічаць па-за геапалітычнымі блокамі і ідэалагічнымі схемамі, кіруючыся прыкладам з евангельскай прыпавесці пра Добрага Самараніна.
Ад стратэгіі Святога Пасада да прапаноў Беларусі: у пошуках новай глабальнай этыкі
Арцыбіскуп Галахер патлумачыў, што дыпламатыя Святога Пасада дзейнічае на двух узроўнях: рэагаванне на неадкладныя крызісы і пабудова доўгатэрміновай візіі, не прывязанай да выбарчых цыклаў.
Ён адзначыў, што захаванне адносін нават з “аўтарытарнымі рэжымамі” з’яўляецца стратэгічным выбарам, бо гэта “адзіны спосаб уплываць на сістэмы, да якіх інакш цяжка дабрацца”. Такі падыход можа быць “больш эфектыўным за публічныя асуджэнні” і ўжо даў плён у збліжэнні ЗША і Кубы, мірным працэсе ў Калумбіі, а таксама ў пабудове адносін з В’етнамам і Кітаем.
У дыскусіях прыняў удзел пасол Беларусі пры Святым Пасадзе Юрый Амбразевіч. Ён звярнуў увагу на неабходнасць фарміравання новай сістэмы глабальнага кіравання. Прадстаўнік Беларусі прапанаваў аб’яднаць намаганні дыпламатаў і рэлігійных дзеячаў для ўкаранення этычных асноў, якія вынікаюць з падабенства прынцыпаў сусветных рэлігій. Ён таксама заклікаў вярнуць у міжнародны дыскурс паняцці адказнасці і абавязкаў як супрацьвагу празмернаму акцэнту на індывідуалізме і правах чалавека.
“Твар будучыні”: беларускае мастацтва як голас надзеі ў Ватыкане
У рамках юбілейных мерапрыемстваў пасольства Беларусі таксама паўдзельнічала ў міжнароднай мастацкай выставе на тэму “Il Volto del Futuro” (“Твар будучыні”). Праект мае на мэце праз мастацтва адлюстроўваць эвалюцыю надзей чалавецтва і будзе праводзіцца кожныя 25 гадоў.
Рэспубліку Беларусь на выставе прадставілі два мастакі. Карціна “Рукі” Юліі Цярэшкі кранула гледачоў сваёй сімволікай веры, клопату і стваральнай сілы. У сваю чаргу, работа “Гняздо” Фёдара Шурмялёва праз больш плакатную тэхніку нагадала пра важнасць захавання гістарычнай памяці і недапушчэння мілітарызацыі сучаснасці, пра што неаднаразова казаў Папа Францішак, характарызуючы сучасныя канфлікты як “фрагментарную трэцюю сусветную”. Абедзве работы сталі візуальным водгукам на пошук устойлівасці і гуманістычных арыенціраў у свеце.