60-годдзе “Nostra aetate”: новы імпульс для дыялогу з індуістамі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
З нагоды індуісцкага свята Дзіпавалі, якое будзе адзначацца 20 кастрычніка 2025 года, Дыкастэрыя па міжрэлігійным дыялогу скіравала сваім “дарагім сябрам індуістам” віншавальнае пасланне. Яно прымеркавана таксама да 60-годдзя дэкларацыі “Nostra aetate” Другога Ватыканскага Сабору, якое будзе адзначацца 28 кастрычніка 2025 года. Гэты дакумент заахвоціў католікаў ва ўсім свеце да дыялогу і супрацоўніцтва з вызнаўцамі іншых рэлігій.
Дух “Nostra aetate” – гэта адзінства, павага да праўды ў іншых рэлігіях і супольнае прасоўванне справядлівасці і міру
Пасланне, падпісанае прэфектам Дыкастэрыі кардыналам Джорджам Коавакадам, падкрэслівае, што за апошнія шэсцьдзясят гадоў міжрэлігійны дыялог стаў глабальным праектам, які ўносіць значны ўклад у справу міру ва ўсім свеце. Аднак у сучасным свеце, дзе растуць недавер, палярызацыя і напружанасць, патрэба ў ім большая, чым калі-небудзь.
У пасланні цытуюцца словы Папы Льва XIV, які заклікаў усіх “будаваць масты праз дыялог, праз сустрэчу, яднаючыся, каб быць адным народам”. Прасоўванне культуры дыялогу і супрацоўніцтва дзеля міру – гэта задача, давераная ўсім, як веруючым, так і няверуючым. Толькі працуючы разам, можна забяспечыць і падтрымліваць мір, заснаваны на праўдзе, справядлівасці, любові і свабодзе.
Сям’я, рэлігійныя лідары, адукацыйныя ўстановы і СМІ пакліканы выхоўвать культуру міру і павагі да разнастайнасці
Аўтары паслання падкрэсліваюць ключавую ролю сям’і як першаснага месца выхавання да жыцця і веры. Рэлігійныя традыцыі таксама нясуць вырашальную адказнасць за ўмацаванне міру, а іх лідары маюць маральны абавязак падаваць прыклад, заахвочваючы сваіх паслядоўнікаў паважаць разнастайнасць і будаваць масты сяброўства і братэрства. Істотную ролю ў фарміраванні свядомасці ў кірунку мірнага суіснавання адыгрываюць таксама адукацыйныя ўстановы і сродкі масавай інфармацыі.
У заключэнне Дыкастэрыя заклікае індуістаў і хрысціян, разам з усімі людзьмi добрай волі, аб’яднацца, “каб сілкаваць мір у нашых дамах, супольнасцях і грамадствах”. Гэта магчыма праз прасоўванне “культуры дыялогу як шляху; супольнага супрацоўніцтва як спосабу дзеяння; узаемнага пазнання як метаду і крытэрыю”.