Святы Пасад: распрацаваць канвенцыю па злачынствах супраць чалавечнасці
Марыя Валодзіна - Vatican News
За мінулае стагоддзе міжнародная супольнасць дасягнула значнага прагрэсу ў барацьбе з найбольш агіднымі злачынствамі, але злачынствы супраць недатыкальнасці чалавечага жыцця ўсё яшчэ працягваюцца. Дзеці, жанчыны, этнічныя і рэлігійныя меншасці, у тым ліку мільёны хрысціян, па-ранейшаму падвяргаюцца пераследу, катаванню і смерці, - заявіў Пастаянны назіральнік Святога Пасада пры ААН.
Дыпламат нагадаў, што мір – гэта не проста адсутнасць вайны, але плён адносін, заснаваных на праўдзе, справядлівасці, любові і свабодзе. Справядлівасць патрабуе павагі да міжнароднага права, роўнасці паміж нацыямі і салідарнасці. Злачынствы супраць чалавечнасці ўяўляюць сабой замах на чалавечую годнасць і разрываюць сувязі братэрства, наносячы ўдар па асновах правапарадку.
Святы Пасад здаўна заклікае да ўмацавання міжнароднай прававой базы па прадухіленні і пакаранні злачынстваў супраць чалавецтва. Яшчэ ў 1953 годзе Папа Пій XII сцвярджаў, што абарона людзей і народаў ад несправядлівасці і парушэння закона шляхам міжнароднага крымінальнага права з'яўляецца высакароднай мэтай, - нагадаў арцыбіскуп Кача.
Прадстаўнік Святога Пасада прывітаў распрацоўку праекта Артыкулаў аб прадухіленні і пакаранні злачынстваў супраць чалавечнасці. Ён падкрэсліў неабходнасць празрыстых і інклюзіўных дыскусій падчас падрыхтоўкі гэтага дакумента, пры гэтым важна захаваць увагу на галоўнай мэце – прыняцці эфектыўнай і ўсеагульна прызнанай канвенцыі. На думку іерарха, варта абапірацца на нормы звычайнага міжнароднага права, у прыватнасці на Артыкул 7 Рымскага статута, які вызначае паняцці злачынстваў супраць чалавечнасці.
У гэтым кантэксце Святы Пасад падтрымлівае разуменне гендару як двух палоў, мужчынскага і жаночага, як сцвярджае Артыкул 7(3) Рымскага статута. Такая фармулёўка не выключае нікога, хутчэй забяспечвае абарону ад пераследу і гвалту кожнага чалавека, незалежна ад яго статусу. Падтрыманне такога інклюзіўнага і прынцыповага падыходу забяспечыць поўную павагу да чалавечай годнасці і ўмацуе агульную рашучасць прадухіляць і караць злачынствы супраць чалавечнасці, - заключыў арцыбіскуп Кача.