Выстава "У абароне Папы": зброя як мастацтва і гісторыя
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У Апостальскім палацы ў Кастэль-Гандольфа ў межах святкавання Юбілею 2025 года пройдзе выстава “In difesa del Papa” (У абароне Папы). Экспазіцыя ўпершыню прадставіць публіцы ўнікальныя ўзоры даспехаў папскіх вайсковых фарміраванняў XVI–XVII стагоддзяў, многія з якіх раней не выстаўляліся.
Наведвальнікі ўбачаць марыёны, цукота, бургіньёты і іншыя элементы рыштунку, якія належалі абаронцам Пантыфікаў і Папскай дзяржавы.
Шлем у экспазіцыі падаецца не толькі як сродак абароны, але і як сімвал ператварэння папства ў сучасную дзяржаву, дзе духоўная ўлада набыла палітыка-ваеннае вымярэнне. Гістарычны кантэкст ахоплівае перыяд ад разрабавання Рыма ў 1527 годзе да вайны за Кастра ў XVII стагоддзі.
Акрамя даспехаў, у Зале Папаў будзе выстаўлены габелен "Навяртанне Саўла" паводле эскіза Рафаэля Санцыа, створаны для Сікстынскай капэлы.
Па словах дырэктара Ватыканскіх музеяў Барбары Яты, выстава – гэта даніна павагі воінам, якія служылі Апостальскай Сталіцы. "Абараняць Папу, - адзначыла яна, - значыць абараняць годнасць чалавека, праўду Евангелля і свабоду сумлення, а не зямную ўладу".
Выстава будзе працаваць з 18 кастрычніка 2025 года па 1 лютага 2026 года. Доступ да яе ўключаны ў кошт уваходнага білета ў Апостальскі палац Кастэль-Гандольфа.