У Кракаве праходзіць асамблея Камісіі па абароне непаўналетніх
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пленарнае пасяджэнне Папскай камісіі па абароне непаўналетніх упершыню з моманту яе заснавання ў 2014 годзе праходзіць па-за межамі Рыма. Месцам правядзення была абраная Польшча, і гэта не выпадкова. Чатыры гады таму ў Варшаве адбылася міжнародная канферэнцыя, прысвечаная абароне дзяцей і ўразлівых дарослых у Касцёлах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Выбар Польшчы сёння абумоўлены жаданнем працягнуць гэты сінадальны шлях, распачаты ў супрацоўніцтве з польскім Касцёлам у 2021 годзе.
"Мы прыйшлі сюды па слядах мужчын і жанчын веры шляхам, які паказаў святы Ян Павел II. Мы прыйшлі сюды, каб даверыць заклапочанасць Касцёла і чалавецтва міласэрнаму Хрысту”, - адзначыў арцыбіскуп Верні.
Іерарх нагадаў, што Камісія па абароне непаўналетніх (Tutela Minorum) ужо адзінаццаць гадоў служыць Касцёлу: спачатку Францішку, які горача жадаў весці барацьбу з злоўжываннямі, а цяпер і яго наступніку Льву XIV. Дзейнасць Камісіі скіраваная на тое, каб “абараняць дзяцей і ўразлівых людзей і тым самым прапаведаваць Евангелле ўчынкамі і адносінамі. Гэта, паводле арцыбіскупа Верні, “абавязкова прадугледжвае здольнасць слухаць мясцовыя Касцёлы, быць побач з імі, крочыць разам, заахвочваць і падтрымліваць іх”. “Стаўка высокая для ўсіх нас”, - дадаў ён. Гаворка ідзе аб тым, каб “прымаць і слухаць ахвяр, прызнаваць праўду, прадухіляць злоўжыванні, каб Касцёл станавіўся ўсё больш бяспечным домам”.
У Кракаве сабраліся ўсе члены камісіі, сярод якіх, акрамя экспертаў, ёсць і ахвяры злоўжыванняў. У праграме сустрэчы – пленарныя пасяджэнні за зачыненымі дзвярыма, тэматычныя круглыя сталы, а таксама сустрэча з польскімі біскупамі. Па заканчэнні асамблеі будзе распаўсюджаны прэс-рэліз.