Новы супермаркет у Ватыкане: экалогія, якасць і сэрвіс
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Урачыстая цырымонія інаўгурацыі і благаслаўлення памяшканняў адбылася ўвечары 14 кастрычніка 2025 года. На ёй прысутнічалі кіраўнікі Губернатарата Дзяржавы Ватыкан, прадстаўнікі Святога Пасада і кіраўніцтва групы “Magazzini Gabrielli spa”, якая кіруе крамай. Для супрацоўнікаў і жыхароў Ватыкана супермаркет адчыніў свае дзверы 15 кастрычніка 2025 года.
Праект накіраваны на зручнасць, якасць і эканомію для супрацоўнікаў і сем'яў Ватыкана, а таксама на ўстойлівае развіццё
У сваім слове сястра Рафаэла Петрыні, старшыня Губернатарата, патлумачыла, што праект нарадзіўся ў супрацоўніцтве з групай “Gabrielli” для задавальнення штодзённых патрэб супрацоўнікаў і жыхароў. Яна адзначыла, што абнаўленне крамы адпавядае курсу Губернатарата на практычнае прымяненне прынцыпаў энцыклікі “Laudato si’” і клопату пра “наш супольны дом”.
Сястра Петрыні падкрэсліла, што мэта была падвойнай: “прапанаваць супрацоўнікам і сем’ям зручнасць, якасць і эканомію, а таксама актыўна спрыяць прыхільнасці ўстойліваму развіццю”.
Сапраўднай сілай гандлёвай кропкі застаюцца людзі: тыя, хто ў ёй працуе, і тыя, хто яе наведвае
Кіраўніца Губернатарата дадала, што сапраўднай сілай крамы з'яўляюцца людзі – і тыя, хто там працуе, і тыя, хто будзе яе наведваць. “Гэтая прастора прысвечана ўсім ім, і мы хочам, каб яна ўскосна адлюстроўвала каштоўнасці, якія мы падзяляем: увага да слабых і шматдзетных сем’яў, камандная праца, давер і адказнасць”, - сказала яна.
Гандлёвая плошча крамы складае 875 квадратных метраў з агульнай плошчы ў 1321. У ёй працуюць 34 супрацоўнікі. Асартымент налічвае каля 11 тысяч тавараў з увагай да мясцовых прадуктаў, асабліва ў аддзелах гастраноміі, выпечкі і садавіны-гародніны.
Крама абсталявана шасцю касамі і мае 30 парковачных месцаў. Лаўра Габрыэлі, старшыня “Magazzini Gabrielli spa”, адзначыла, што ў супермаркеце ёсць усе тыповыя аддзелы, уключаючы прылаўкі са свежым мясам, хлебам і гатовымі стравамі, для спажывання якіх на месцы прадугледжана невялікая зона адпачынку.