Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Юбілей місіянераў і мігрантаў збярэ тысячы пілігрымаў у Рыме

4-5 кастрычніка 2025 года ў Рыме адбудзецца Юбілей місіянерскага свету і мігрантаў. Праграма падзеі прадугледжвае ўдзел у Юбілейнай аўдыенцыі, праход праз Святую Браму, Імшу з Папам, малітоўныя і навуковыя сустрэчы, святочнае мерапрыемства.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У Юбілей місіянерскага свету прымуць удзел пілігрымы з каля 100 краін: свецкія вернікі, манахі і манахіні, святары і душпастырскія работнікі, якія служаць на місіянерскіх тэрыторыях, а таксама прадстаўнікі розных арганізацый, звязаных з місіянерскай дзейнасцю. Найбуйнейшыя дэлегацыі чакаюцца з Італіі, ЗША, Іспаніі, Польшчы, Швейцарыі, Францыі, Аргенціны, Бразіліі, Мексікі, Калумбіі, Філіпін, Індыі, Канады і іншых краін.

Раніцай 4 кастрычніка місіянеры прымуць удзел у Юбілейнай аўдыенцыі, якую Папа Леў XIV правядзе на плошчы Святога Пятра. Затым яны будуць мець магчымасць прайсці праз Святую Браму ватыканскай базылікі і далучыцца да міжнароднай сустрэчы пад назвай “Missio ad gentes сёння: у кірунку новых гарызонтаў”, якая адбудзецца ў Папскім універсітэце Урбаніяна. Увечары ў розных касцёлах Рыма для ўдзельнікаў Юбілею будуць цэлебравацца святыя Імшы на розных мовах. Дзень завершыцца супольнай ружанцовай малітвай на плошчы Святога Пятра.

У нядзелю, 5 кастрычніка, місіянеры прымуць удзел у святой Імшы, якую Папа ўзначаліць на галоўнай ватыканскай плошчы. У другой палове дня ў садах Замка святога Анёла для іх і з іх удзелам адбудзецца святочнае мерапрыемства пад назвай “Мігранты і місіянеры надзеі паміж народамі”.

На Юбілей мігрантаў чакаецца каля 10 тысяч пілігрымаў з 95 краін свету. Яго ўдзельнікі таксама запрашаюцца на Юбілейную аўдыенцыю, якую Леў XIV правядзе 4 кастрычніка на плошчы Святога Пятра, пасля чаго яны змогуць здзейсніць праход праз Святую Браму ватыканскай базылікі. 5 кастрычніка яны прымуць удзел у святой Імшы з Папам на галоўнай ватыканскай плошчы, а ў другой палове дня – у святочным мерапрыемстве ў садах Замка святога Анёла.
 

01 кастрычніка 2025, 14:55