Пошук

Максіміна Кабальера Максіміна Кабальера 

Рэалізм і асцярожнасць: эканаміст пра поспехі бюджэту-2024

Кіраўнік Сакратарыята па эканамічных пытаннях Максіміна Кабальера тлумачыць поспех бюджэту-2024 ростам даверу вернікаў і рэформамі, але папярэджвае: гэта толькі пачатак шляху да сапраўднай стабільнасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Галоўны эканаміст Святога Пасада ў інтэрв’ю ватыканскім медыя не хавае задавальнення ад вынікаў мінулага года, называючы скарачэнне аперацыйнага дэфіцыту амаль удвая – да 44,4 мільёна еўра – “значным прагрэсам”.

Аднак за сухімі лічбамі стаіць больш глыбокая стратэгія. Па словах прэфекта, фінансавая ўстойлівасць не з'яўляецца самамэтай, гэта “неабходная ўмова для гарантавання бесперапыннасці місіі”.

Ключавым фактарам поспеху Кабальера лічыць не толькі кантроль выдаткаў, але і рост даходаў амаль на 79 мільёнаў еўра. Гэта вынік павелічэння ахвяраванняў, лепшай працы ватыканскіх бальніц і больш эфектыўнага кіравання нерухомасцю.

 

Прэфект падкрэслівае важнасць “змены наратыву”: людзі бачаць, што крызіс не такі, як ім спрабавалі паказаць, і што рэсурсы рэальна трансфармуюцца ў сацыяльную каштоўнасць.

Тым не менш, эканаміст заклікае да “рэалізму і асцярожнасці”. Станоўчы фінансавы вынік у 46 мільёнаў, які дазволіў выйсці ў невялікі агульны прафіцыт (1,6 млн еўра), часткова абумоўлены разавымі аперацыямі па пераразмеркаванні інвестыцыйнага партфеля. Такія поспехі цяжка паўтарыць. Таму, як адзначыў Папа Леў XIV, рэформа павінна працягвацца: мэта – не проста баланс, а стварэнне трывалай базы для служэння Паўсюднаму Касцёлу.
 

27 лістапада 2025, 09:32