Пошук

Кардынал Майкл Чэрны падчас візіту ў Бангладэш Кардынал Майкл Чэрны падчас візіту ў Бангладэш 

Кардынал Чэрны наведаў самы вялікі лагер бежанцаў у свеце

У пачатку лістапада Прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека наведаў найбуйнейшы ў свеце лагер бежанцаў – Кокс-Базар у Бангладэш.

Ян Глінскі

У лагеры знаходзіцца больш за 1,1 мільёна бежанцаў народнасці рахінджа з М’янмы, якая падвяргаецца жорсткім пераследам на Радзіме. Краіна пачала прымаць гэтых бежанцаў у 70-х гадах ХХ стагоддзя, аднак прыток людзей значна павялічыўся пасля 2017 года. Сёння колькасць бежанцаў складае больш за мільён чалавек, палова з іх – дзеці.

У лагер бежанцаў кардынала Майкла Чэрнага суправаджаў Апостальскі нунцый у Бангладэш арцыбіскуп Кэвін Рэндал. Ватыканскі іерарх таксама сустрэўся з кіраўніцтвам і супрацоўнікамі дабрачыннага таварыства “Caritas Bangladesh”, якое выконвае складаную пастырскую і гуманітарную місію для дзяцей, жанчын, сем’яў і ўсіх, хто знаходзіцца ў няпростым становішчы. Ініцыятывы “Caritas” рэалізуюцца ў розных сферах: ад аховы здароўя і адукацыі, да прафесійнай падрыхтоўкі.

Сустрэча з жыхарамі Кокс-Базар стала адным з галоўных пунктаў праграмы ватыканскага іерарха. З нагоды Юбілею мігрантаў кардынал Чэрны цэлебраваў святую Імшу ў Нараянганджы для 600 хрысціянаў, а таксама прыняў удзел у міжканфесійнай малітоўнай сустрэчы.

“Быць без грамадзянства, беспрацоўным і гадамі знаходзіцца ў зняволенні – гэта невыносна”, – адзначыў прэфект дыкастэрыі падчас прэс-канферэнцыі. Адносна лёсу бежанцаў рахінджа часта выказваўся таксама Папа Францішак: “Вельмі шкада, што міжнародная супольнасць не змагла знайсці рашэнне гэтай праблемы”.

Паездка кардынала Майкла Чэрнага ў Бангладэш праходзіла з 1 па 4 лістапада 2025 года.
 

14 лістапада 2025, 09:24