Кардынал Віктар Мануэль Фернандэс Кардынал Віктар Мануэль Фернандэс  (REUTERS)

Кардынал Фернандэс растлумачыў нюансы ноты пра манагамію і шлюб

Кардынал Фернандэс падчас прэзентацыі новай ноты Дыкастэрыі веравучэння патлумачыў, чаму шлюб магчымы толькі паміж мужчынам і жанчынай, і адказаў на пытанні пра палігамію і аднаполыя саюзы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У Ватыкане адбылася прэзентацыя нядаўна апублікаванай дактрынальнай ноты Дыкастэрыі веравучэння “Una Caro. Хвала манагаміі”. Галоўным спікерам выступіў прэфект Дыкастэрыі кардынал Віктар Мануэль Фернандэс, які раскрыў некаторыя кулуарныя дэталі стварэння дакумента.

Іерарх прызнаўся, што першапачаткова тэкст павінен быў мець назву “Мы двое”, а не “Адно цела”, каб падкрэсліць, што “рашэнне належыць адно аднаму, іх дваіх, свабодна злучаных перад светам”.

Кардынал патлумачыў, што калі Кодэкс кананічнага права вылучае як істотныя ўласцівасці шлюбу “адзінства і неразрыўнасць”, то гэтая нота факусіруецца выключна на адзінстве – як на “супольнасці жыцця, сяброўстве ў шлюбе і ўзаемным дарэнні сябе”.

Манагамія: не маральны прымус, а ўвядзенне ў веліч любові

Цікавы погляд на прэзентацыі прадставіла прафесар Джузэпіна Дэ Сімонэ з Папскага тэалагічнага факультэта Паўднёвай Італіі. Яна звярнула ўвагу на ключавое слова “хвала” ў назве.

Паводле яе слоў, манагамія ў дакуменце апісваецца не як недасяжны ідэал або “маральны прымус”, а як дар і прароцтва. Гэта “прыгажосць быць адным целам”, здольнасць чалавечай любові адлюстроўваць таямніцу самога Бога. Яна падкрэсліла, што сапраўдная ўзаемная прыналежнасць ніколі не становіцца валоданнем, бо паважае сакральнае вымярэнне другой асобы.

Падчас сесіі пытанняў і адказаў кардынал Фернандэс закрануў складаныя тэмы, якія выклікаюць дыскусіі ў грамадстве. Ён удакладніў, што нота наўмысна не разглядае падрабязна з’явы палігаміі ці паліандрыі, а імкнецца пазітыўна матываваць да манагаміі. Прэфект адзначыў, што пытанне палігаміі, актуальнае для Афрыкі, зараз вывучаецца.

Аднаполыя саюзы і палігамія: пазіцыя Касцёла застаецца нязменнай

Гаворачы пра складанасці місіянерскай працы ў Афрыцы, дзе палігамія з'яўляецца часткай культуры, кардынал заклікаў да разважлівасці. Ён растлумачыў: калі навернуты ў каталіцтва мужчына павінен пакінуць усіх жонак, акрамя адной, гэта можа прывесці да трагічных наступстваў. “У некаторых вёсках пакінутыя жонкі і іх дзеці могуць проста памерці з голаду”, - паведаміў прэфект. Таму Касцёл павінен дзейнічаць паступова і з душпастырскай мудрасцю.

Адказваючы на пытанне пра аднаполыя саюзы, кардынал падкрэсліў: “Сужэнства існуе толькі паміж мужчынам і жанчынай”. Ён дадаў, што хоць “іншыя саюзы могуць мець каштоўнасць”, яны па сваёй сутнасці “не адпавядаюць прыродзе сужэнства”.

Таксама было падкрэслена, што новы дакумент не ўносіць ніякіх змен у вучэнне, выкладзенае ў энцыкліцы святога Паўла VI “Humanae vitae”.

Зараз тэкст новай ноты Дыкастэрыі веравучэння даступны толькі на італьянскай мове, пераклады рыхтуюцца.
 

26 лістапада 2025, 11:19