Святы Пасад: манагамія – не абмежаванне, а абяцанне бясконцасці
Ізабэла Піра / Пераклад і адаптацыя: Аляксандр Панчанка - Vatican News
Поўны дар сябе магчымы толькі ў манагамным сужэнстве. У адваротным выпадку гэта быў бы частковы дар, непаважлівы да годнасці партнёра, - гаворыцца ў дакуменце, які Леў XIV ухваліў 21 лістапада, у літургічны ўспамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі.
Прычыны выдання дакумента
Ва ўступе кардынал Віктар Мануэль Фернандэс, прэфект Дыкастэрыі веравучэння, патлумачыў тры прычыны выдання дакумента. Першая – “глабальны кантэкст развіцця тэхналагічнай моцы”, у якім чалавек успрымае сябе як істоту без абмежаванняў і таму далёкую ад каштоўнасці выключнай любові, прызначанай толькі для адной асобы.
Іерарх таксама згадаў дыскусіі з афрыканскімі біскупамі пра палігамію, падкрэсліўшы, што “глыбокія даследаванні афрыканскіх культур” абвяргаюць “агульнапрынятую думку” пра выключнасць манагамнага сужэнства. Ватыканскі дакумент звяртае ўвагу і на рост на Захадзе “паліаморыі”, гэта значыць публічных форм неманагамных саюзаў.
Сужэнская еднасць і саюз паміж Хрыстом і Касцёлам
Дакумент падкрэслівае прыгажосць сужэнскай еднасці, якая дзякуючы Божай ласцы сімвалізуе “саюз паміж Хрыстом і Яго ўмілаванай нявестай, Касцёлам”. Ён адрасаваны ў першую чаргу біскупам, але таксама прызначаны дапамагчы моладзі, заручаным парам і сужонкам ацаніць “багацце” хрысціянскага сужэнства і заахвоціць да спакойнай і глыбокай рэфлексіі над гэтай тэмай.
Прыналежнасць, заснаваная на свабоднай згодзе
Дыкастэрыя веравучэння сцвярджае, што манагамія – гэта не абмежаванне, а магчымасць любові, якая адкрываецца на вечнасць. Вызначальнымі з’яўляюцца два элементы: узаемная прыналежнасць і сужэнская любоў. Першая, “заснаваная на свабоднай згодзе” двух сужонкаў, з’яўляецца адлюстраваннем трынітарнай еднасці і ўяўляе сабой “моцную прычыну для стабільнасці саюза”. Гаворка ідзе пра “прыналежнасць сэрца, якое бачыць толькі Бог” і куды толькі Ён можа ўвайсці, “не парушаючы свабоды і тоеснасці асобы”.
Не апаганьваць свабоду іншага
Такім чынам “узаемная прыналежнасць, уласцівая выключнай узаемнай любові, прадугледжвае далікатны клопат, святую боязь абаганіць свабоду іншага, які мае такую самую годнасць і такія самыя правы”. Той, хто любіць, ведае, што “іншы не можа быць сродкам для вырашэння ўласнай незадаволенасці” і што ўласная пустата ніколі не павінна запаўняцца “праз панаванне над іншым”. У сувязі з гэтым дакумент асуджае “многія формы нездаровых жаданняў, якія выліваюцца ў разнастайныя праявы адкрытага і прыхаванага гвалту, прыгнёту, псіхалагічнага ціску, кантролю”.
Сужэнства – гэта не валоданне
Здаровыя сужэнскія адносіны прадугледжваюць павагу да свабоды іншага і межаў, якія нельга пераходзіць, прыняцце і разуменне важнасці момантаў рэфлексіі, патрэбы аднаго з сужонкаў у прасторы для адзіноты і аўтаноміі, таму што “сужэнства – гэта не валоданне”.
Дыкастэрыя веравучэння нагадвае, што сужэнства не азначае поўнага вызвалення ад адзіноты – бо толькі Бог можа запоўніць пустату чалавека – але прадугледжвае давер і здольнасць пераадольваць новыя выклікі. У той жа час сужонкі заклікаюцца не пакідаць адзін аднаго, бо калі адлегласць становіцца занадта частай, яна можа пагражаць іх еднасці.
Малітва – каштоўны сродак для ўзрастання ў любові
Узаемная прыналежнасць выяўляецца таксама ў дапамозе, якую сужонкі аказваюць адзін аднаму для росту як асоб. У гэтым кантэксце малітва з’яўляецца “каштоўным сродкам”, з дапамогай якога пара можа ўзрастаць у святасці і любові. Так спаўняецца сужэнская любоў – “аб’ядноўваючая сіла”, “боскі дар”, аб якім просяць у малітве і які ўмацоўваецца сакрамэнтальным жыццём, і які ў сужэнстве становіцца “найвялікшым сяброўствам” паміж двума блізкімі сэрцамі.
Сексуальнасць і плоднасць
Дзякуючы перамяняючай моцы любові сексуальнасць разглядаецца не як імпульс ці разрадка, а як “цудоўны дар Бога”, які вядзе да дару сябе і дабра іншага, прынятага ў паўнаце яго асобы. Сужэнская любоў вядзе таксама да плоднасці, “хоць гэта не азначае, што яна павінна быць відавочнай мэтай кожнага сексуальнага акту”. Наадварот, сужэнства захоўвае свой істотны характар нават калі ў ім няма дзяцей. Неабходна таксама памятаць пра правамернасць павагі да натуральных перыядаў бясплоднасці.
Сацыяльныя сеткі і неабходнасць новай педагогікі
Дыкастэрыя веравучэння адзначае, што захаваць магчымасць вернай любові “ў кантэксце постмадэрнісцкага спажывецкага індывідуалізму”, які адмаўляе аб’ядноўваючую мэту сексуальнасці і сужэнства, можа дапамагчы выхаванне. “Сусвет сацыяльных сетак, дзе знікае сціпласць і распаўсюджваецца сімвалічны і сексуальны гвалт, паказвае пільную патрэбу ў новай педагогіцы”, таму неабходна “падрыхтаваць пакаленні да ўспрымання вопыту любові як антрапалагічнай таямніцы”, прадстаўляючы любоў не проста як прыцягненне, а як заклік да адказнасці.
Увага да бедных – “супрацьяддзе” ад эндагаміі
Любоў сужэнскага саюза бачная таксама ў парах, якія не замыкаюцца ў сваім індывідуалізме, а адкрываюцца на сумесныя праекты, каб “рабіць нешта прыгожае для грамадства і свету”, бо “чалавек рэалізуе сябе, уступаючы ў адносіны з іншымі і з Богам”. Інакш будзе толькі эгаізм, самадастатковасць, эндагамія, якім трэба супрацьстаяць праз “сацыяльную чуласць” сужонкаў, якія разам імкнуцца да агульнага дабра. У гэтым кантэксце цэнтральнае значэнне мае ўвага да бедных, якія, як сцвярджаў Леў XIV, з’яўляюцца “сямейным пытаннем” хрысціяніна, а не проста “сацыяльнай праблемай”.
Сужэнская любоў як абяцанне бясконцасці
Дакумент падкрэслівае: “кожнае сапраўднае сужэнства – гэта саюз двух асоб, які патрабуе такіх блізкіх і ўсеабдымных адносін, што іх немагчыма паздзяліць з іншымі”. Сярод двух асноўных рысаў сужэнскага саюза – адзінства і непарыўнасць – першая з’яўляецца падмуркам другой. Толькі так сужэнская любоў становіцца дынамічнай рэальнасцю, пакліканай да пастаяннага росту і развіцця ў часе, у “абяцанні бясконцасці”.
У дакуменце Дыкастэрыі веравучэння прапануецца таксама экскурс у тэалагічныя, філасофскія і літаратурныя творы і дакументы, прысвечаныя тэме манагаміі: ад Кнігі Быцця і Айцоў Касцёла да Папаў і паэтаў ХХ стагоддзя.