Пошук

Кардынал П'етра Паралін узначаліў Імшу з удзелам святароў-дыпламатаў Кардынал П'етра Паралін узначаліў Імшу з удзелам святароў-дыпламатаў

Дзяржсакратар: заўважаць прысутнасць Хрыста ў паўсядзённасці

17 лістапада 2025 года ў Базіліцы святога Пятра прайшла ўрачыстая Імша з удзелам супрацоўнікаў Дзяржсакратарыята і апостальскіх нунцыятур, якія сабраліся ў Ватыкане з нагоды Юбілею папскіх прадстаўнікоў. Набажэнства ўзначаліў кардынал П’етра Паралін.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У гаміліі Дзяржаўны сакратар нагадаў, што праход праз Святую Браму можа сімвалізаваць праходжанне Хрыста ў нашым жыцці. Калі Езус падыходзіць да нас, Ён заўсёды прыносіць вызваленне і збаўленне, як на дарозе ў Ерыхон, дзе Ён аздаравіў сляпога.

Кардынал Паралін падкрэсліў, што Езус прыходзіць да ватыканскіх дыпламатаў “у маленькіх і вялікіх паўсядзённых выпадках”: у ранішняй малітве, у дыпламатычнай працы, у супрацоўніцтве з кіраўніком місіі, у сустрэчах з біскупамі, святарамі і свецкімі, у моманты спакою і неразумення. Існуе рызыка не заўважыць Яго набліжэнне, у адрозненне ад сляпога з Ерыхона, таму ў гэты Святы год трэба прасіць аб ласцы бачыць, заўважаць, калі Пан праходзіць у нашым жыцці. Гэты дар веры непадзельна звязаны з светлай хрысціянскай надзеяй, якая не падманвае, бо грунтуецца на Божай любові.

Падчас Імшы з удзелам святароў-дыпламатаў
Падчас Імшы з удзелам святароў-дыпламатаў   (@Vatican Media)

Сляпы з Ерыхона з’яўляецца прыкладам упартай веры: нягледзячы на супраціў людзей, якія хацелі б прымусіць яго замаўчаць, ён моліць Езуса і атрымлівае не толькі фізічнае вылячэнне, але і новае жыццё, таму што ён ідзе за Езусам і праслаўляе Бога. Яго вера выяўляецца ў настойлівасці малітвы, - сказаў Дзяржсакратар, нагадваючы пра важнасць малітвы для святароў і тых, хто служыць Касцёлу і Папе. “Мы таксама сляпыя. Мы павінны прызнаць гэта сумленна і пакорліва.” Вера – гэта святло, якое адкрывае нам вочы на наша жыццё, Касцёл, людзей і свет. “Як нам патрэбна гэтае святло ў выкананні нашых абавязкаў!” – заўважыў кардынал Паралін.

Іерарх заклікаў прысутных “не шукаць эфемерных агнёў славы, поспеху, імгненных вынікаў, а здзяйсняць непрыкметныя жэсты дабра, дапамагаць тым, хто перажывае цяжкасці дома ці на працы, не крыўдзіць нікога дрэннымі словамі, не быць дрэнным прыкладам”. Кожнае служэнне ў Касцёле, у тым ліку дыпламатычнае, павінна адлюстроўваць, як у люстэрку, святло і славу Хрыста, а не ўласнае, - нагадаў Дзяржсакратар.

17 лістапада 2025, 12:47