Сэмерара: благаслаўлёны Дэ Пальма – прыклад міласэрнасці
Марыя Валодзіна - Vatican News
У гаміліі прэфект Дыкастэрыі па справах кананізацыі адзначыў, што ксёндз Дэ Пальма быў пастырам, які ведаў сваіх авечак. Ён паступіў у семінарыю ў дзесяцігадовым узросце, а ў 1898 годзе прыняў прэсбітэрскае пасвячэнне. З 1900 года служыў капеланам у Базіліцы святога Мікалая ў Бары. Тут ён штодзённа цэлебраваў Імшу, спавядаў і суправаджаў вернікаў на духоўным шляху. Асаблівую ўвагу ён надаваў духоўнай апецы святароў і семінарыстаў.
Кардынал Сэмерара вылучыў два асноўныя кірункі ягонай духоўнасці: святарскае братэрства і клопат пра свецкіх вернікаў. Паводле сведчанняў, атрыманых падчас беатыфікацыйнага працэсу, айцец Дэ Пальма быў узорам сапраўднай салідарнасці і падтрымкі паміж святарамі. Таксама ён стаў для многіх свецкіх вернікаў надзейным духоўным кіраўніком, які дапамагаў “распазнаваць Божую волю ў іх жыццях”. Новы благаслаўлёны не навязваўся, а ішоў поруч з тымі, хто шукаў святла, бачыў у іх не “паслядоўнікаў”, а людзей з уласнай гісторыяй. Такі падыход прынёс свой плён, паколькі дзякуючы яму нарадзіліся сведкі веры, такія як слуга Божы Джавані Мадуньё (1880-1957), палітык і педагог, духоўным настаўнікам якога быў ксёндз Дэ Пальма.
Іерарх прывёў у прыклад эпізод з жыцця ксяндза Дэ Пальма і яго сябра, святога Анібале Марыі Дзі Франча. Аднойчы яны прыйшлі на дапамогу чалавеку, да якога чапляліся "дрэнныя хлопцы". Яны абаранілі яго, суцешылі і далі крыху грошай, каб падтрымаць яго. Такая простая штодзённая дабрыня была сутнасцю духоўнасці благаслаўлёнага Дэ Пальма.
Завяршаючы гамілію, кардынал Сэмерара прыгадаў словы Бэнэдыкта XVI аб тым, што ісціна павінна ператварацца у нас ў міласэрнасць, а міласэрнасць – запальваць, як агонь, іншых людзей.