Пошук

Падчас кангрэса “Містыка, містычныя з’явы і святасць” Падчас кангрэса “Містыка, містычныя з’явы і святасць” 

Кангрэс у Рыме: святасць, містыка і псеўдамістыка

У Рыме праходзіць кангрэс “Містыка, містычныя з’явы і святасць”. Навукоўцы і іерархі абмяркоўваюць крытэрыі распазнання сапраўднай містыкі і яе сувязь са святасцю.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

З 10 па 13 лістапада 2025 года ў Папскім універсітэце “Урбаніяна” ў Рыме праходзіць навуковы кангрэс на тэму “Містыка, містычныя з’явы і святасць”, арганізаваны Дыкастэрыяй па справах кананізацыі. Форум, які працягвае серыю сустрэч, прысвечаных святасці, на гэты раз засяроджваецца на аналізе містычнага досведу.

Працу кангрэса адкрыў кардынал Марчэла Сэмерара, прэфект Дыкастэрыі. Сярод галоўных тэм – праблемныя аспекты містыкі, яе біблійныя вытокі, а таксама развіццё ў гісторыі Касцёла, у прыватнасці ў перыяд сярэднявечча на Захадзе. Асаблівая ўвага надаецца новым нормам Дыкастэрыі веравучэння па распазнанні меркаваных звышнатуральных з’яў.

Удзельнікі абмяркуюць містыку ў кантэксце розных станаў жыцця: свецкіх вернікаў, святароў і кансэкраваных асоб, абапіраючыся, між іншым, на дактрыну тэрэзіянскага Кармэлю. Запланаваны таксама дыскусіі на тэму сувязі хрысціянскай містыкі з іншымі рэлігіямі, у прыватнасці, з яўрэйскім містыцызмам, ісламскім суфізмам і індуісцкай традыцыяй.

Спецыялісты разгледзяць крытэрыі распазнання сапраўднай містыкі і небяспеку псеўдамістыцызму, а таксама прааналізуюць містычныя з’явы з навуковага пункту гледжання.

Кангрэс завершыцца падсумаваннем вынікаў, якое зробіць кардынал Сэмерара. У чацвер 13 лістапада 2025 года ўдзельнікі сустрэнуцца на аўдыенцыі з Папам Львом XIV.
 

11 лістапада 2025, 09:45