Святы Пасад у ААН: грунтаваць рэформы на этычных прынцыпах
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе падкрэсліў, што ў сучасныя неспакойныя для шматбаковай сістэмы часы асабліва важна вярнуцца да прынцыпаў, на якіх была заснавана МАП. “Неабходна рашуча пацвердзіць перакананасць у тым, што ўсе людзі маюць права імкнуцца як да матэрыяльнага дабрабыту, так і да духоўнага развіцця ва ўмовах свабоды і годнасці, а таксама ідэал усеагульнага і трывалага міру, заснаванага на сацыяльнай справядлівасці", - сцвердзіў дыпламат.
Кожная рэформа павінна зыходзіць з гэтых прынцыпаў. Гэта важна на трох узроўнях. Па-першае, гэта неабходна для захавання цэласнасці і даверу да шырэйшай шматбаковай сістэмы, улічваючы, што МАП з'яўляецца адзінай трыпартыйнай арганізацыяй, упаўнаважанай садзейнічаць сацыяльнай справядлівасці і годнай працы. Па-другое, гэта мае вырашальнае значэнне для інстытуцыйнай жыццяздольнасці і эфектыўнасці МАП. Рэформы павінны грунтавацца на адказнасці ўсіх удзельнікаў, а не толькі на фінансавых абмежаваннях. Нарэшце, канчатковая мэта ўмацавання МАП заключаецца ў тым, каб прыносіць карысць працоўным, працадаўцам і грамадству, - заявіў прадстаўнік Святога Пасада.