Святы Пасад: працягваць падтрымку міратворчых аперацый ААН
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пастаянны назіральнік Святога Пасада пры ААН у Нью-Ёрку выступіў 11 лістапада 2025 года на пасяджэнні Чацвёртага камітэта Генеральнай Асамблеі па пытанні міратворчых аперацый. Ён адзначыў, што, міратворчая дзейнасць працягвае служыць напамінам пра тое, што імкненне да міру з'яўляецца агульнай адказнасцю міжнароднай супольнасці. Яе пазітыўнае ўздзеянне на стабілізацыю нестабільнай абстаноўкі і абарону грамадзянскага насельніцтва заслугоўвае далейшай падтрымкі.
Поспехі і няўдачы міратворчых аперацый ААН сталі каштоўным досведам, які дапамог лепш усвядоміць іх магчымасці і абмежаванні. Сёння міратворчыя місіі ААН дзейнічаюць у беспрэцэдэнтна складаных умовах: сярод дэзінфармацыі, транснацыянальных пагроз, актывізацыі ўзброеных недзяржаўных суб'ектаў і выкарыстання імі сучасных тэхналогій, - адзначыў дыпламат.
Прадстаўнік Святога Пасада падкрэсліў настойлівую неабходнасць умацавання мандатаў міратворцаў, лепшай інтэграцыі іх дзейнасці ў палітычныя і гуманітарныя стратэгіі, а таксама забеспячэння неабходных рэсурсаў для эфектыўнага выканання місій. Ён выказаў глыбокую занепакоенасць павелічэннем колькасці нападаў на міратворцаў ААН і аддаў даніну павагі тым, хто загінуў.
"Вайна не вырашае праблемы, наадварот, яна іх узмацняе і стварае глыбокія раны ў гісторыі народаў, якія патрабуюць пакаленняў для загойвання. Ніякая ўзброеная перамога не можа кампенсаваць боль маці, страх дзяцей, скрадзеную будучыню. Няхай дыпламатыя прымусіць замаўчаць зброю! Няхай народы вызначаюць сваю будучыню справамі міру, а не гвалтам і крывавымі канфліктамі!" - цытуючы словы Льва XIV, завяршыў сваю прамову арцыбіскуп Кача.