Пошук

Мансеньёр Кіка Арэлана Мансеньёр Кіка Арэлана 

Святы Пасад у ФАО: паказаць моладзі прыгажосць працы на зямлі

Праца ў сельскай гаспадарцы не вельмі прываблівае сучасную моладзь, але варта паказаць яе прыгажосць: яна дае рэдкую магчымасць, асабліва для тых, хто жыве ў шумных гарадах, штодня бачыць цуд прыроды і адчуваць таямніцу стварэння, адзначыў мансеньёр Кіка Арэлана.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры рымскіх установах ААН выступіў на Італьянскім кангрэсе аграномаў і ляснікоў, які адкрыўся 5 лістапада 2025 года ў сядзібе ФАО ў Рыме на тэму: “Карані ў будучыні: паміж традыцыяй і праектаваннем”.

Папскі дыпламат нагадаў, што з прычыны канфліктаў, экалагічных праблем і геапалітычнай напружанасці свет перажывае востры крызіс харчовай бяспекі: у 2024 годзе 673 мільёны чалавек пакутавалі ад голаду, а 2,6 мільярда не маглі дазволіць сабе здаровую дыету. Пры гэтым штогод больш за мільярд тон ежы губляецца або марнуецца ў харчовым ланцугу.

Мансеньёр Фэрнанда Кіка Арэлана нагадаў словы Папы Льва XIV, сказаныя падчас яго нядаўняга візіту ў ФАО: голад – гэта “знак пануючай абыякавасці, бяздушнай эканомікі, сумнеўнай мадэлі развіцця, а таксама несправядлівай і няўстойлівай сістэмы размеркавання рэсурсаў”.

Прадстаўнік Святога Пасаду адзначыў, што Юбілейны год заклікае пераасэнсаваць адносіны чалавека да зямлі – як да дара, які трэба выкарыстоўваць з адказнасцю, а не эксплуатаваць без межаў.

Дыпламат закрануў тэму тэхналагічных інавацый у сельскай гаспадарцы, падкрэсліўшы, што яны могуць стаць сродкам дасягнення сацыяльнай справядлівасці, калі будуць знаходзіцца на службе найбольш уразлівым супольнасцям. Ён падкрэсліў, што навука не павінна спрыяць паглыбленню няроўнасці, а павінна служыць устойліваму развіццю і забяспечэнню ежай усіх, у першую чаргу бедных.

Мансеньёр Арэлана адзначыў важнасць заахвочвання да працы ў аграрным сектары новых пакаленняў. Ён заўважыў, што праца ў сельскай гаспадарцы не вельмі прываблівае сучасную моладзь, але варта паказаць яе прыгажосць: яна дае рэдкую магчымасць, асабліва для тых, хто жыве ў шумных гарадах, штодня бачыць цуд прыроды і адчуваць таямніцу стварэння.

“Я хачу заклікаць вас, прысутных тут, тых, хто працуе ў сельскагаспадарчым сектары, і ўсіх, хто адчувае адказнасць за клопат пра наш агульны дом, які павінен быць дарагі кожнаму з нас – умець заахвочваць новыя пакаленні, уліваючы ў іх любоў да аховы навакольнага асяроддзя і захавання біяразнастайнасці, каб яны былі “соллю зямлі”, неабходнай для таго, каб з адвагай адказваць на выклікі сучаснасці і закладаць падмурак будучыні, у якой ніхто не будзе пакінуты па-за ўвагай. Я ўпэўнены, што ў адказе на гэты выклік добры Бог будзе суправаджаць нас сваёй любоўю і благаслаўленнем”, - завяршыў прамову прадстаўнік Папы.
 

06 лістапада 2025, 11:07