Святы Пасад: гвалт над жанчынамі – недапушчальны замах на годнасць
Марыя Валодзіна - Vatican News
19 лістапада 2025 года мансеньёр Хуан Антоніа Круз Серана прыняў удзел у чарговай сесіі Пастаяннай рады ААД, прысвечанай Міжнароднаму дню барацьбы за ліквідацыю гвалту ў дачыненні да жанчын.
Прадстаўнік Святога Пасада падкрэсліў, што насілле над жанчынамі з’яўляецца балючай рэчаіснасцю, якая, на жаль, захоўваецца ў грамадстве. Барацьба з гэтай з’явай патрабуе сумесных, рашучых і настойлівых дзеянняў. Любая форма гвалту ў дачыненні да жанчын “супярэчыць узнёслай прыродзе чалавека і ўяўляе сабой грубае парушэнне іх годнасці і недапушчальны замах на правы чалавека”.
Дыпламат заклікаў пашыраць свядомасць наконт годнасці жанчын і заахвочваць палітыку, якая абараняла б жанчын ад прыніжэння і абыходжання з імі як з аб'ектамі. Менавіта з аб’ектывацыі жанчын вынікаюць шматлікія формы гвалту, у тым ліку ў лічбавай прасторы. Важна заахвочваць комплексныя меры ў сферы асветы і прафілактыкі насілля.
Мансеньёр Серана падкрэсліў значэнне выхавання ў духу ўзаемнай дапаўняльнасці паміж мужчынамі і жанчынамі, каб яны маглі развівацца на роўных і з узаемным прызнаннем годнасці адзін аднаго. Ён нагадаў пра ключавую ролю сям’і ў фарміраванні адносін, заснаваных на павазе, братэрстве і ўсведамленні непаўторнай каштоўнасці кожнай чалавечай асобы, створанай Творцам.