Пошук

Канцэрт у Зале Паўла VI Канцэрт у Зале Паўла VI  (IMCV2024)

Ваенна-паветраные сілы Італіі ў Ватыкане: музыка для дзяцей

20 лістапада 2025 года ў Зале Паўла VI адбудзецца дабрачынны канцэрт аркестра Ваенна-паветраных сіл Італіі ў падтрымку папскага педыятрычнага шпіталя “Bambino Gesù”.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дабрачынны канцэрт пад назвай “Маленькія... Думкі ў нотах” (Piccoli… Pensieri in Note) адбудзецца 20 лістапада 2025 года ў 19.00 у ватыканскай Зале Паўла VI. Мерапрыемства арганізавана і прасоўваецца ў супрацоўніцтве з Фондам “Bambino Gesù”.

Дата мерапрыемства вельмі сімвалічная: яна супадае з Міжнародным днём правоў дзіцяці і падлетка, які закліканы нагадваць і прасоўваць фундаментальныя правы дзяцей ва ўсім свеце.

Канцэрт з’яўляецца часткай праекта салідарнасці “Дар з неба для ‘Bambino Gesù’” (Un dono dal cielo per il Bambino Gesù), які Ваенна-паветраныя сілы Італіі праводзяць на працягу ўсяго 2025 года. Яго мэта – падтрымаць шпіталь у набыцці і мадэрнізацыі двух біяпрынтарных прылад апошняга пакалення для навукова-даследчых лабараторый. Гэтыя інструменты прызначаны для паляпшэння магчымасцей лячэння і рэканструкцыі тканак маленькіх пацыентаў.

Ініцыятыва таксама з’яўляецца нагодай для ўмацавання глыбокай сувязі, якая на працягу многіх гадоў аб’ядноўвае Ваенна-паветраныя сілы і папскі шпіталь. Штогод авіяцыйныя падраздзяленні ВПС Італіі ажыццяўляюць мноства тэрміновых медыцынскіх транспарціровак маленькіх пацыентаў, якія накіроўваюцца ў гэту ўстанову, што з’яўляецца нацыянальным і міжнародным цэнтрам для лячэння самых “цяжкіх” пацыентаў.

На сцэне разам з музычным аркестрам Ваенна-паветраных сіл Італіі пад кіраўніцтвам маёра Панталеа Леанфранка Камарана выступяць тэнар Франчэска Грола і юная спявачка Марціна Чэрвэлін (Martina CRV), новы талент на нацыянальнай музычнай сцэне.

Падчас мерапрыемства можна будзе зрабіць ахвяраванні на карысць Фонду “Bambino Gesù” як у фае Залы Паўла VI, так і анлайн праз афіцыйныя каналы.
 

18 лістапада 2025, 10:01