Пошук

Папа Леў XIV і Франчэска Сфорца Папа Леў XIV і Франчэска Сфорца 

Ватыкан: папскі фатограф Франчэска Сфорца завяршыў служэнне

Пасля 48 гадоў працы ў Ватыкане на пенсію выйшаў Франчэска Сфорца – галоўны папскі фатограф. За амаль паўстагоддзя ён працаваў побач з шасцю Папамі – ад Паўла VI да Льва XIV. Новым кіраўніком ватыканскай фотаслужбы стаў Сымонэ Рызалуцы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Дзе быў Папа, там быў і ён. Заўсёды перад ім. Сціплы, ціхі, усмешлівы, часта спяшаўся. Стараўся не кідацца ў вочы. Але быў прысутны. Заўсёды быў. І немагчыма было яго не заўважыць. Там, дзе з’яўляўся ён, можна было быць упэўненым: праз хвіліну з’явіцца Папа”, - адзначыў прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні.

Сфорца пачаў працу ў групе афіцыйных папскіх фатографаў як асістэнт легендарнага Артура Мары, які дакументаваў гісторыю пантыфікатаў ад Пія XII да Бэнэдыкта XVI. У 2007 годзе Мары выйшаў на пенсію, і кіраўніцтва ватыканскай фотаслужбай пераняў яго памочнік.

Франчэска Сфорца (крайні злева) падчас замаху на Папу Яна Паўла ІІ
Франчэска Сфорца (крайні злева) падчас замаху на Папу Яна Паўла ІІ

Здымкі Франчэска Сфорцы публікаваліся ў СМІ па ўсім свеце і сталі часткай візуальнай гісторыі Апостальскай Сталіцы: ад папскіх пілігрымак і аўдыенцый да сустрэч з вернікамі і дзяржаўнымі лідарамі.

Франчэска Сфорца і Папа Бэнэдыкт XIV
Франчэска Сфорца і Папа Бэнэдыкт XIV

“Сёння, калі Франчэска выходзіць на пенсію, думаю, што ўсе мы павінны сказаць яму “дзякуй”. Дзякуем табе, Франчэска, за кожны здымак, за кожнае імгненне, спыненае ў аб’ектыве, за твае нямногія словы і шчырыя ўсмешкі. За тое, што ты паказаў, што добрая камунікацыя – гэта не тая, што робіць шум, а тая, што ўмее заўважыць – нават у маўчанні – сэнс гісторыі і веліч веры. Дзякуем, што ты навучыў свет бачыць прыгажосць Касцёла, яго міласэрнасць і надзею. Дзякуем за кожны кадр, які стаў малітвай”, - падкрэсліў прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі.

Франчэска Сфорца падчас Апостальскага падарожжа Папы Францішка
Франчэска Сфорца падчас Апостальскага падарожжа Папы Францішка
02 лістапада 2025, 13:28