Паралін: падарожжа Льва XIV – місія суцяшэння і адзінства
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Цэнтральным пунктам візіту ў Турцыю стане святкаванне 1700-годдзя Нікейскага Сабору – падзеі, якая заклала хрысталагічны падмурак веры ў Езуса як "сапраўднага Бога і сапраўднага чалавека".
У інтэрв’ю Масіміліяна Менікеці з “Vatican News” Кардынал Паралін падкрэсліў, што ў калысцы хрысціянства Папа зробіць акцэнт на адзінстве вернікаў. Наведванне Блакітнай мячэці стане знакам адмовы ад фундаменталізму: малітва і братэрства павінны перамагчы логіку насілля, пацвярджаючы, што імя Бога ніколі не можа быць апраўданнем для забойства.
Для Лівана, які Дзяржсакратар назваў "пасланнем, а не проста краінай", візіт мае жыццёва важнае значэнне. Нягледзячы на палітычныя зрухі і пачатак рэформ, народ знаходзіцца ў цяжкім становішчы.
Кульмінацыяй салідарнасці стане маўклівая малітва Папы ў порце Бейрута, месцы трагедыі пяцігадовай даўніны. Гэта будзе заклік не здавацца і захоўваць унікальную мадэль мірнага суіснавання рэлігій.
Святы Пасад глыбока занепакоены змяншэннем хрысціянскай прысутнасці на Блізкім Усходзе. Па словах кардынала Параліна, хрысціяне заўсёды выконвалі ролю мадэратараў у грамадскім і культурным жыцці рэгіёна. Дыпламатыя Святога Пасада, адзначыў іерарх, накіравана на тое, каб дапамагчы ім застацца на сваёй зямлі, працягваючы "сеяць" культуру сустрэчы нават там, дзе плён міру пакуль не відавочны.