Кардынал Паралін: асуджаць людзей на цемру і холад – знявага Бога
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Бліжэйшы супрацоўнік Папы цэлебраваў святую Імшу ў інтэнцыі ахвяр Галадамору – голаду, справакаванага савецкімі ўладамі ў 1932–1933 гадах, які прывёў да гібелі мільёнаў людзей. Літургія прайшла ўвечары 20 лістапада 2025 года ў рымскім касцёле Сант-Андрэа-дэла-Вале.
На Імшы прысутнічалі больш за пяцьдзесят паслоў з каля васьмідзесяці дыпламатычных місій, прысутных у Рыме, італьянскія дэпутаты, прадстаўнікі ўладаў Украіны, касцельныя іерархі, святары і шматлікія свецкія вернікі, у тым ліку украінскія падлеткі, рэпатрыяваныя з Расіі, і грамадзянскія асобы, якія вярнуліся з расійскага палону.
Гаворачы пра трагедыю Галадамору ва Украіне, які забраў жыццё мільёнаў мужчын, жанчын і дзяцей, іерарх нагадаў, што “не прырода стала прычынай гэтага жаху, а нянавісць, несправядлівасць, раўнадушша і злоўжыванне ўладай”.
“Дарагія браты і сёстры, успамінаючы пра Галадамор, мы не можам забываць пра трагедыю, якая дагэтуль мучыць Украіну. Памолімся за вязняў, за тых, хто жыве далёка ад сваіх дамоў, за тых, хто носіць раны вайны на сваіх целах і ў душах. Памолімся за разлучаныя сем’і, за напалоханых дзяцей, за сэрцы, якія страцілі надзею. У кантэксце Святога года асабліва папросім Пана ўскалыхнуць закамянелыя сэрцы, спыніць рукі тых, хто чыніць гвалт, адкрыць шляхі дыялогу і міру”, – сказаў кардынал Паралін.
Дзяржсакратар нагадаў словы Льва XIV пра недапушчальнасць выкарыстання голаду ў якасці зброі, сказаныя ім падчас нядаўняга візіту ў сядзібу ФАО ў Рыме. “У тым жа духу можна дадаць, што няма ніякага апраўдання прымушэнню тысяч мірных жыхароў жыць у цемры і холадзе. Мы глыбока ўзрушаны навінамі пра ўдары па электрастанцыях і грамадзянскіх аб’ектах, якія яшчэ больш пагоршылі сітуацыю вялізарнай колькасці людзей”, - адзначыў ён.
“Кожны ўчынак, які пазбаўляе мірных жыхароў магчымасці годнага жыцця, з’яўляецца абразай чалавецтва і знявагай Бога”, - дадаў ватыканскі іерарх, заклікаючы ўсіх не заставацца абыякавымі “да тых, хто пакутуе ад голаду, нявызначанасці, вайны, зімовага холаду, палону і выгнання”.
Кардынал Паралін нагадаў таксама словы Льва XIV, сказаныя журналістам 18 лістапада ў Кастэль-Гандольфа, пра важнасць намаганняў на карысць міру, якія павінны прадугледжваць спыненне агню і дыялог. “Сёння, перад алтаром Пана, мы аднаўляем нашу веру ў Бога жыцця, давяраем Яго вечнай міласэрнасці ўсіх ахвяр голаду, нянавісці і гвалту, і з пакорай і даверам молімся, каб світанак міру, справядлівага і трывалага міру, хутка заззяў для Украіны”, - падкрэсліў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.