Пошук

Выступленне "Quartetto del Mare" падчас канцэрта пад кіраўніцтвам маэстра Рыкарда Муці Выступленне "Quartetto del Mare" падчас канцэрта пад кіраўніцтвам маэстра Рыкарда Муці 

Дырыжор Рыкарда Муці – лаўрэат “Прэміі Ратцынгера” 2025 года

Выдатны італьянскі дырыжор Рыкарда Муці стаў лаўрэатам “Прэміі Ратцынгера” 2025. Леў XIV зацвердзіў рашэнне, уганараваўшы яго высокае служэнне мастацтву і культуры.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Навуковы камітэт і Адміністрацыйная рада Ватыканскага фонда імя Ёзэфа Ратцынгера-Бэнэдыкта XVI абвясцілі, што Папа зацвердзіў прысуджэнне “Прэміі Ратцынгера” 2025 года маэстра Рыкарда Муці.

Як паведамляецца ў афіцыйным камюніке, урачыстае ўручэнне ўзнагароды Святым Айцом адбудзецца 12 снежня 2025 года ў Зале Паўла VI падчас каляднага канцэрта, якім будзе дырыжыраваць сам лаўрэат.

Сяброўства, якое натхняла

У Фондзе нагадалі, што высокае мастацтва маэстра Муці з’яўляецца агульнапрызнаным, а яго шчырым прыхільнікам быў і сам Бэнэдыкт XVI.

У сваю чаргу, дырыжор адказваў на гэта шматлікімі асабістымі праявамі ўвагі і сімпатыі, у тым ліку і пасля таго, як Папа адышоў ад кіравання Касцёлам і пасяліўся ў кляштары “Mater Ecclesiae”.

Сам Рыкарда Муці выказаў радасць з нагоды прысуджэння ўзнагароды, адзначыўшы: “Я заўсёды захапляўся Папам Бэнэдыктам XVI, чые думкі, разважанні і медытацыі былі і будуць ежай для людзей добрай волі! Апошняя прыватная сустрэча з Бэнэдыктам застанецца для мяне і маёй жонкі ўспамінам, поўным веры і надзеі”.

“Прэмія Ратцынгера”, заснаваная ў 2011 годзе, штогод прысуджаецца са згоды Папы па прапанове Навуковага камітэта Фонду выдатным дзеячам у галіне культуры і мастацтва, натхнёнага хрысціянствам.

Сярод мастацтваў Бэнэдыкт XVI асабліва цаніў музыку і сам ёю займаўся, таму гэтая ўрачыстасць стане нагодай не толькі для прызнання заслуг лаўрэата, але і для ўдзячнага ўспаміну пра асабістае сяброўства і культурнае паразуменне, якое звязвала яго з маэстра Муці.

Шлях да вяршынь сусветнай музыкі

Рыкарда Муці нарадзіўся ў 1941 годзе ў Неапалі. Ён атрымаў бліскучую адукацыю ў кансерваторыях Неапаля і Мілана, дзе вучыўся ў выдатных кампазітараў і дырыжораў. Яго настаўнікам па кампазіцыі быў знакаміты Ніна Рота. Кар'ера Муці імкліва пайшла ўгору пасля перамогі на конкурсе маладых дырыжораў імя Гвіда Кантэлі ў 1967 годзе.

На працягу сваёй доўгай кар'еры маэстра ўзначальваў такія праслаўленыя калектывы, як “Philharmonia Orchestra” ў Лондане, Філадэльфійскі аркестр і легендарны міланскі тэатр “Ла Скала”, музычным кіраўніком якога ён быў амаль дваццаць гадоў. У 2004 годзе ён заснаваў Маладзёжны аркестр імя Луіджы Керубіні, а з 2010 года з'яўляўся музычным кіраўніком Чыкагскага сімфанічнага аркестра.

Рыкарда Муці супрацоўнічаў з усімі вядучымі аркестрамі свету, уключаючы Берлінскі філарманічны аркестр і Венскую дзяржаўную оперу. Ён сем разоў дырыжыраваў знакамітым Навагоднім канцэртам з Вены, апошні раз – у 2025 годзе. Яго мастацкая спадчына ўключае велізарную колькасць запісаў опернай і сімфанічнай класікі. У 2012 годзе Папа Бэнэдыкт XVI уганараваў маэстра Вялікім Крыжам Ордэна Святога Грыгорыя Вялікага.
 

25 лістапада 2025, 09:19