2025.11.27 MUSEI VATICANI Presentazione del volume Le raccolte del Museo Profano

"Чацвяргі ў Музеях": прэзентацыя скарбаў дакалумбавай Амерыкі

У межах акцыі "Чацвяргі ў Музеях" будзе прэзентаваны каталог унікальнай калекцыі золата старажытнай Калумбіі. Семдзесят пяць артэфактаў, падораных Пантыфікам, упершыню апісаны навукоўцамі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сёння, 27 лістапада 2025 года, Ватыканскія музеі запрасілі гасцей на чарговую сустрэчу з цыкла “Чацвяргі ў Музеях”. Падзея прысвечана выхаду пятага тома каталога Музея прафаннага мастацтва, які адкрывае свету каштоўную і малавядомую калекцыю дакалумбавага ювелірнага майстэрства.

Кніга стала вынікам даследчай працы, распачатай у 2016 годзе, і змяшчае апісанне сямідзесяці пяці артэфактаў. Большасць з іх – вырабы з золата і тумбагі (сплаву золата і медзі), якія належаць да культуры муіска (600-1600 гады). Сярод экспанатаў – рэдкія нагрудныя пласціны, воціўныя прадметы і ўпрыгажэнні, якія сведчаць пра высокі мастацкі ўзровень даіспанскіх цывілізацый Калумбіі.

Гісторыя калекцыі цесна звязана з юбілеямі Пантыфікаў: многія прадметы былі падораны Льву XIII з нагоды 50-годдзя біскупства, а пазнейшыя паступленні папоўнілі зборы Пія XII і Паўла VI.

Прэзентацыю выдання ўзначаліць дырэктар Музеяў Барбара Ята, а завершыцца сустрэча візітам удзельнікаў у Этналагічны музей “Anima Mundi”.
 

27 лістапада 2025, 09:51