Пошук

Уваход у Лапідарную галерэю ў комплексе Ватыканскіх музеяў Уваход у Лапідарную галерэю ў комплексе Ватыканскіх музеяў 

Ватыканскія музеі пакажуць абноўленую Лапідарную галерэю

У Ватыканскіх музеях прадставяць вынікі рэстаўрацыі Лапідарнай галерэі, аднаго з найкаштоўнейшых і найменш даступных сховішчаў антычных надпісаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У чацвер, 20 лістапада 2025 года, у межах цыкла сустрэч "Чацвяргі ў Музеях", Ватыканскія музеі прадставяць вынікі ўнікальнага праекта рэстаўрацыі, даследавання і валарызацыі Лапідарнай галерэі.

Канферэнцыя пад назвай “Ob Luminibus Restitutis” (Бо святло было вернута) стане асаблівай нагодай адкрыць для публікі адну з найбольш схаваных жамчужын ватыканскага музейнага комплексу.

Сведчанні, высечаныя ў камені: рэдкая магчымасць зазірнуць у мінулае

Прэзентацыя, ініцыяваная куратарам Аддзела эпіграфічных калекцый Разанай Барбера пры падтрымцы дырэктара Музеяў Барбары Ята, адкрые вароты XVIII стагоддзя, якія звычайна закрываюць доступ да галерэі. Гэта дазволіць гасцям убачыць незвычайную калекцыю лацінскіх і грэчаскіх надпісаў, якія з’яўляюцца сапраўднымі "вокнамі ў мінулае", прамым сведчаннем рэлігійнага, палітычнага і штодзённага жыцця Старажытнага Рыма.

У цэнтры ўвагі – аднаўленне сцяны XLVII, дзе сабраны надпісы, прысвечаныя язычніцкім багам і жрацам (Dii deaeque et sacrorum ministri). Дзякуючы карпатлівай працы Лабараторыі рэстаўрацыі каменных матэрыялаў і Кабінета навуковых даследаванняў, эпіграфам была вернута новая чытэльнасць і святло, што спалучае навуковую дакладнасць і эстэтычную адчувальнасць.

Навука і мастацтва: як рэстаўратары вярнулі святло старажытным надпісам

Рэстаўрацыя з’яўляецца часткай пілотнага праекта, які ў будучыні плануецца пашырыць і на іншыя сцены галерэі, пачынаючы са сцяны XLVIII, дзе знаходзяцца датаваныя хрысціянскія надпісы.

Такім чынам, у галерэі ўзнікае ўнікальны дыялог паміж язычніцтвам і хрысціянствам, які распавядае пра культурнае і рэлігійнае суіснаванне ў познеімперскім Рыме.

Падчас канферэнцыі выступяць віцэ-дырэктар Ватыканскіх музеяў Джандаменіка Спінола, куратар Разана Барбера, а таксама прадстаўнікі навуковых і рэстаўрацыйных колаў. Удзельнікі змогуць асабіста наведаць Лапідарную галерэю, каб убачыць адноўленыя творы.

Канферэнцыя будзе трансліравацца ў прамым эфіры на YouTube-канале Ватыканскіх музеяў.
 

19 лістапада 2025, 10:02