Сястра Бэкар: Сінод прынясе больш разнастайных паслуг у Касцёле
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падсакратар Генеральнага сакратарыяту Сінода, сястра Наталі Бэкар, у інтэрв’ю для “katholisch.de” падкрэсліла, што Леў XIV заахвочвае розныя рэгіёны Касцёла развівацца ва ўласным тэмпе. Яна прывяла прыклад пастаяннага дыяканату, які па-рознаму дзейнічае ў свеце, што паказвае на разнастайнасць. Экспертка прагназуе з’яўленне яшчэ большай колькасці паслуг, адпаведных мясцовым патрэбам.
Большасць страхаў адносна сінадальнасці, на думку законніцы, зыходзіць ад людзей, якія не маюць такога досведу. “Калі ў іх з'яўляецца магчымасць перажыць гэта і адчуць плёны, яны мяняюцца”, - адзначыла французскі тэолаг. Таму важна, каб страхі былі агучаны і прызнаны. Яна заклікала ствараць “прастору для сапраўднага досведу слухання, дыялогу і супольнага распазнавання”.
Сястра Бэкар паабяцала, што выніковыя справаздачы даследчых груп, створаных яшчэ папярэднім Пантыфікам у рамках Сінода па сінадальнасці, будуць прадстаўлены да канца 2025 года. У сувязі са смерцю Францішка канчатковы тэрмін быў перанесены з чэрвеня на 31 снежня. Працоўныя групы павінны перадаць вынікі сваіх даследаванняў і рэкамендацыі Папу Льву XIV.
Толькі ў мінулы панядзелак, 17 лістапада 2025 года, сакратарыят Сінода апублікаваў прамежкавыя справаздачы. Сярод тэм, якія яны разглядаюць: роля жанчын у жыцці і кіраванні Касцёла, абвяшчэнне Евангелля ў лічбавым свеце, магчымыя змены ў фармацыі святароў, будучая роля біскупаў і іх выбар, адносіны з іншымі Касцёламі, а таксама тэмы беднасці і палігаміі ў Афрыцы.